Сёлета сакавiк будзе цяплейшы, чым звычайна, паведамiла галоўны сiноптык Рэспублiканскага гiдраметэацэнтра Вольга Фядотава. Паводле яе слоў, сярэдняя тэмпература месяца чакаецца на 1,5 градуса вышэй за клiматычную норму — ад 3 градусаў марозу на паўночным усходзе да 1 градуса цяпла на паўднёвым захадзе рэспублiкi. Сярэднямесячная колькасць ападкаў прагназуецца ў межах шматгадовых значэнняў. Норма ападкаў у сакавiку складае 29—44 мм.
Першыя веснавыя днi, нягледзячы на воблачнасць, былi на 4—7 градусаў цяплейшыя, чым звычайна, а максiмальная тэмпература паветра днём дасягала ад нуля да плюс 5 градусаў, на паўднёвым захадзе краiны складала плюс 6—10 градусаў. У сувязi з такiм цёплым надвор’ем у Брэсцкай вобласцi снег ужо сышоў, а на астатняй частцы тэрыторыi рэспублiкi вышыня снежнага покрыва складае ад 5 да 30 см. Аднак, як сцвярджае спецыялiст, ападкi ў выглядзе снегу ў сакавiку яшчэ будуць.
На гэтым тыднi Беларусь апынецца пад уплывам цёплых паветраных мас, што паступаюць з поўдня Еўропы, паведамiла галоўны сiноптык Рэспублiканскага гiдраметэацэнтра Вольга Фядотава. У ноч на 6 сакавiка тэрыторыя рэспублiкi будзе знаходзiцца ў вобласцi павышанага цiску, таму iстотных ападкаў не чакаецца i падмарозiць да мiнус 1—7 градусаў. Аднак ужо заўтра ранiцай на захадзе Брэсцкай i Гродзенскай абласцей пройдуць невялiкiя ападкi ў выглядзе мокрага снегу i дажджу.
Удзень, 6 сакавiка, атлантычны фронт, якi перамяшчаецца з Заходняй Еўропы, прынясе ў Беларусь мокры снег i дождж. Месцамi чакаецца туман, у ранiшнi час слабы галалёд, на асобных участках дарог галалёдзiца. Удзень будзе ад 1 да 7 градусаў цяпла.
7 сакавiка месцамi чакаюцца ападкi ў выглядзе дажджу. Не абыдзецца без туману. У начны час тэмпература паветра будзе ад мiнус 3 да плюс 3 градусаў. Удзень паветра прагрэецца да плюс 2—8 градусаў. У Брэсцкай i Гродзенскай абласцях — да 11 градусаў цяпла.
8 сакавiка характар надвор’я iстотна не зменiцца. У многiх раёнах пройдзе дождж, згусцiцца туман. У начны час тэмпература паветра будзе ад 1 градуса марозу да 5 градусаў цяпла. Удзень чакаецца 3—9 градусаў вышэй за нуль. На поўднi краiны паветра прагрэецца да плюс 13 градусаў.
Паводле папярэднiх даных, у канцы тыдня Беларусь застанецца пад уплывам цёплых, але вiльготных паветраных мас, што паступаюць з Заходняй Еўропы. Таму чакаюцца ападкi ў выглядзе мокрага снегу i дажджу. У начны час тэмпература паветра складзе ад 2 градусаў марозу да 5 градусаў цяпла. Удзень — ад 4 да 10 градусаў цяпла. Такiм чынам, у Беларусi ўстановiцца па-веснавому цёплае, але яшчэ даволi вiльготнае надвор’е, падкрэслiла спецыялiст.
Звязда
ОБСУЖДЕНИЕ
Всего комментариев: 0
Комментирование доступно только авторизованным пользователям с подтверждённым телефоном
Последние 0 комментариев