Регистрация и авторизация через Вконтакте Авторизация через Одноклассники
БобруйскРегистрация Забыли пароль? почта БобруйскПочта

    Подписаться на наши новости

    Введите свой e-mail адрес:

    Будь в курсе новостей родного города!­­­­­


    Площадь им. Ленина

    Перейти к видеотрансляции


    20 июля 2019   Просмотров: 2000

    Швейцарскі бабруйчанін Аляксандр Сапега: «Дабрачыннасць - маё хобі»

     

    У гасцях у BOBR.BY прэзідэнт фонду імя Марыі Магдалены Радзівіл, які дапамагае беларусам. Наш герой жыве ў Швейцарыі 12 год, але прыязджае на радзіму мінімум раз на месяц. Ён расказвае пра сяброўства з рок-зоркамі, супрацоўніцва з Макеем, дабрачыннасць, розніцу паміж менталітэтам і тэмпераментам.

     

     

    Аляксандр Сапега пазнаёміўся з будучай жонкай-швейцаркай у Беларусі, на скаўцкім летніку. Яны спісваліся, стэлефаноўваліся і сустракаліся чатыры гады, пасля ажаніліся, і бабруйчанін пераехаў у Швейцарыю. Нейкі час сям'я жыла ў Беларусі, у тым ліку ў Бабруйску. Сёння Сапегі стала жывуць у Цюрыху, але кожны месяц Аляксандр прыязджае на радзіму, найчасцей - дзеля грамадскіх спраў: ён узначальвае фонд імя Марыі Магдалены Радзівіл ды беларускую дыяспару Швейцарыі.


    Швейцарыя-Беларусь

    Я жыву ў Швейцарыі больш за 12 год, з таго часу даволі часта езджу ў Беларусь. Напрыклад, у гэтым месяцы ў мяне запланаваныя тры паездкі. У сярэднім бываю тут раз на месяц. Усе свае вакацыі праводжу ў Беларусі, а мог бы за гэты час аб'ехаць увесь свет!

    Прыязджаю, каб вырашыць грамадскія справы. Спачатку гэта была толькі дыяспара беларусаў у Швейцарыі. Але па статуце яна збольшага займаецца праектамі, якія ажыццяўляюцца там. Мне ж хацелася дапамагаць беларусам у Беларусі.

    Таму год таму быў створаны фонд імя Марыі Магдалены Радзівіл, ён таксама знаходзіцца ў Швейцарыі, але працуе на Беларусь. Я ў ім займаю пасаду прэзідэнта.

     

     

    З часовым павераным Рэспублікі Беларусь у Швейцарскай канфедэрацыі Паўлам Мацукевічам, фота з сацыяльных сетак Аляксандра Сапегі.

     

    Пра фонд

    Мы займаемся дабрачыннасцю. Напрыклад, разам з вакалістам J-Mors Уладзімірам Пугачам плануем у наступным месяцы адкрыць праект, прысвечаны дзецям з анкалогіяй, з хоспісу. Першай кропкай будзе Бараўлянскі анкалагічны цэнтр, зробім там канцэрт.

    Пугач - пасол добрай волі ААН, мае досвед працы ў такіх праграмах. Ён рабіў канцэрт у хоспісе, хадзіў па палатах і граў для тых, хто не ў стане падняцца.
    Мы хацелі б прыцягнуць для супрацы розных беларускіх зорак, каб яны ездзілі па лякарнях. У планах завітаць і ў Бабруйск - у мясцовы хоспіс.

    Таксама аказваем дапамогу сем'ям, якія прыязджаюць на аперацыі ў Швейцарыю. Мы іх сустракаем, суправаджаем, паказваем, шукаем перакладчыка, калі трэба. Гэта не грошы, але гэта таксама каштоўная дапамога, бо мы ўсё робім бясплатна. У нас вялікае кола швейцарскіх беларусаў, усе яны ў чымсьці спецыялісты. Калі ўзнікае патрэба, просім іх дапамагчы.

     

    Пра дабрачыннасць

    Калі мы з Міленай і дзецьмі жылі ў Бабруйску, таксама займаліся дабрачыннасцю. Аднойчы ўзялі грошы з сямейнага бюджэта і купілі 30 вокнаў для карэкцыйнага цэнтра. Спатрэбілася вялікая сума, коштам добрага аўтамабіля. Але нават тут узніклі складанасці: як аказалася, старыя драўляныя рамы немагчыма было спісаць, бо ў іх быў пэўны рэсурс карыстання. Давялося вырашаць пытанне праз гарвыканкам. Спачатку мне прапанавалі перавесці грошы на дабрачынны рахунак, рабіць нейкія справаздачы... Але я адмовіўся. Сказаў, што дам грошы толькі фірме, якая займаецца ўсталёўкай вокнаў, а мне самому дастаткова бачыць, што гэтыя вокны стаяць, без усякіх справаздачаў.

    Дарэчы, хацеў завітаць у гэты цэнтр з Пугачам, але дырэкцыя, чамусьці, паставілася да ідэі неахвотна.

    Таксама займаўся ў Бабруйску праграмай для дзяцей з інтэрнатаў. Раз на месяц да іх прыходзілі цырульнікі і стрыглі. Мы з валанцёрамі хадзілі з гэтымі дзецьмі ў кіно, тэатр, парк, катацца на параходзе. Куплялі ім садавіну, цукеркі, нам было вельмі цікава з імі!

    Ёсць група валанцёраў, з якімі я супрацоўнічаю. Яны знаходзяцца ў розных гарадах, у тым ліку ў Бабруйску. Гэта стыхійнае валанцёрства - мы збіраемся толькі тады, калі ёсць неабходнасць папрацаваць.

    Дапамагаў і маламаёмасным беларускам, якім трэба было аплаціць даўгі па камунальных паслугах. Гісторыю першай знайшоў у СМІ, дапамог, а іншыя ўжо самі знаходзілі, звязваліся праз "Аднакласнікі". Напрыклад, такая сітуацыя: маці-адзіночка, робіць на двух працах, у яе крэдыты, пазыкі і пагроза страціць праз гэта дзяцей. Як толькі мы перадалі ёй грошы, яна ўсё аплаціла і нават прынесла нам квіткі, хоць мы такога і не патрабавалі... Адзначу, што ўсе гэтыя выпадкі былі падобныя.

    Дабрачыннасць - маё хобі. Нехта ходзіць у фітнэс-клуб ці нешта збірае, а я дапамагаю людзям. Кожнае хобі павінна прыносіць задавальненне, у мяне якраз такі выпадак.

    У Швейцарыі больш людзей, чым у Беларусі, гатовых займацца дабрачыннасцю. Калі чалавек жыве ў сацыяльна-абароненым асяроддзі, мае добры заробак, шчаслівую сям'ю - ён пачынае клапаціцца пра грамадскія праблемы.

     

     


    Пра няшчырасць

    Бывае, што звяртаюцца і няшчырыя людзі. Аднойчы да мяне звярнуліся бабруйчане: "Мы ўзялі крэдыты, не можам за іх заплаціць, калі ласка, дайце грошай". А ў фонда пазіцыя не даваць грошы ў тым выпадку, калі няма пагрозы пазбавіцца дзяцей, ці складнай жыццёвай сітуацыі... Чаму мы мусім аплочваць нечыя крэдыты? У такіх выпадках адмаўляем.

    А наагул, падман адсачыць даволі цяжка. Прыкладам, у дыяспару часам звяртаюцца з просьбай дапамагчы аплаціць аперацыю дзецям. Звычайна мы не ўключаемся ў гэта, бо такая справа патрабуе шмат маніторынгу, праверак, кантролю. Але калі нехта знаёмы кажа: "Я ведаю гэтую сям'ю, я сам адтуль", тады дапамагаем.

     

    Пра дапамогу мігрантам

    Нейкі час я працаваў у арганізацыі, якая дапамагала мігрантам. Я адтуль сышоў, а да мяне працягвалі звяртацца з пытаннямі на гэтую тэму.

    Каб не губляць час, я запісаў некалькі ролікаў на youtube, дзе пакрокава распісаў, што рабіць, калі вы едзеце ў Швейцарыю ў статусе ўцекача. Часам здараецца, чалавек не вырашыў пэўныя пытанні, прыехаў у Швейцарыю, і не мае выйсця з сваёй сітуацыі. Таму я зрабіў такую метадычку - што трэба ведаць і рабіць перад пераездам. Бо калі ты айцішнік ці прыехаў на сезонную працу, табе прасцей, у скрайнім выпадку, вернешся назад.

     

     

    Пра сяброўства з Пугачам і Вольскім, ды жыццёвую пазіцыю

    Год сем таму я не мог бы падумаць, што буду сябраваць з Уладзімірам Пугачам ці Лявонам Вольскім. Наогул, спачатку мне было цяжка разабрацца ў асабістай пазіцыі да пэўных рэчаў і людзей, спрабаваў прымыкаць да розных лагераў...

    Калі ты бачыш чалавека ў СМІ - ствараеш свой вобраз, але падчас знаёмства разумееш, што ён быў памылковы, што многія людзі не вартыя ўвагі. Я пачаў свой курс, не абіраючы ані бакі, ані сцягі. І проста пачаў рабіць самастойна, улічваючы, што мне патрэбная падтрымка з абодвух бакоў, але толькі на ўмовах партнёрства.

    Калі хтосьці хоча працаваць лозунгамі і прапагандай, гэта не да мяне. Таму я іду пасярэдзіне, не абіраю бакі, не жадаю трымаць у руках барабан. Магчыма таму ў маім жыцці было шмат цікавых праектаў, якія стварылі мне пэўны імідж.

     

     

    З Уладзімірам Пугачам, фота з сацыяльных сетак Аляксандра Сапегі.

     

    Пра знаёмства з Пугачам: два гады праўленне дыяспары баялася звяртацца да J-Mors наконт супрацоўніцтва, казалі "Мы да іх не дараслі". Але пасля гісторый з Магдаленай Радзівіл (Аляксандр арганізаваў перанос яе праха з Швейцарыі ў Беларусь) і Касцюшкам (таксама ён мае дачыненне да з'яўлення помніка Касцюшку ў Швейцарыі і Беларусі) я палічыў, што мы ўжо не вучні.

    Патэлефанаваў прадзюсару J-Mors, прадставіўся, і ён кажа: "Я ўсё пра вас ведаю, што вы хочаце?" Я кажу: "Хочам запрасіць гурт на невялікі канцэрцік, гэта не бізнес-праект, на ўмовах амаль за дзякуй". Яны пагадзіліся, і з таго часу мы сябруем. Уладзімір прыязджае да нас па тры-чатыры разы ў год. Акурат у мінулым месяцы разам адзначалі Купалле, зараз чакаю яго ў госці, каб разам выправіцца ў горы, на Манблан. У кастрычніку хочам зладзіць канцэрт гурта ў Жэневе, у ААН.

    З Вольскім было амаль тое ж самае. Але ў гэтым выпадку мы амаль парадніліся, бо калі нарадзіўся малодшы сын - Леон, мы папрасілі Ганну Вольскую быць хроснай, і яна пагадзілася.

     

    Пра супрацоўніцтва з Уладзімірам Макеем

    З кожным годам мне ўсё прасцей знаёміцца з людзьмі, з якімі пасля робім сумесныя праекты. У асноўным, усё робіцца завочна, яны недзе чытаюць пра мяне, і пры сустрэчы прасцей знайсці кантакт.

    З Уладзімірам Макеем мы займаемся агульнымі праектамі з падтрымкай Міністэрства замежных спраў і Міністэрства культуры. У мяне ён выклікае добрыя эмоцыі. Дарэчы, калі бачымся, размаўляе са мной па-беларуску, у яго цудоўная мова!

     

     

     

    З Уладзімірам Макеем, фота з сацыяльных сетак Аляксандра Сапегі. 

     

    Таксама я ўваходжу ў Кансультатыўны савет пры МЗС. У яго складзе прадстаўнікі беларусаў замежжа, амаль з усяго свету. Мы збіраемся штогод, каб абмеркаваць актуальныя тэмы і праблемы і ў якасці просьбы даручаць нешта МЗС. У гэтым годзе мы абмяркоўвалі "Карту беларуса", бязвізавы рэжым, бесперашкодны прыезд беларусаў замежжа і іх сем'яў на радзіму.

    Акурат два тыдні таму было гэтае паседжанне, на ім прысутнічалі міністр інфармацыі ды намеснік міністра па адукацыі. Таму сярод іншага закраналіся тэмы адукацыі. Будзем шукаць шляхі да партнёрства паміж навучальнымі ўстановамі Швейцарыі і Беларусі. Гэта можа быць навуковы фонд, прыём студэнтаў, абмен. У Еўропе гэта моцна распаўсюджана.

     

    Пра менталітэт і тэмперамент

    Канечне, розніца паміж намі і швейцарцамі ёсць: у іх менталітэт, у нас - тэмперамент. Яны думаюць інакш, а мы выказваем свае эмоцыі, рэагуем і пражываем інакш.

    У маіх дзяцей мікс, цяжка вызначыць, яны больш швейцарцы ці беларусы. Але, мяркую, тут яны будуць больш "выпадаць", бо ў Швейцарыі мульцікультурныя сем'і - звычайная з'ява.

    Беларусы вельмі любяць ацэньваць адно аднаго, такім касым позіркам. Калі я бачу такі позірк у Еўропе, адразу разумею, што гэта госці з Усходняй Еўропы. Пра гэта ж можа сігналізаваць і празмерная дагледжанасць жанчыны. Бо калі швейцарка апранае сукенку і абцасы, бачна, што яна негарманічна выглядае. Яны больш цэняць камфорт.

     

     

    Фота з сацыяльных сетак Аляксандра Сапегі. 

     

    Я стараюся не ацэньваць людзей. Толькі сябе. Таму пачаў шмат бегаць і скінуў 12 кілаграм, пачаў хадзіць на турнік і даволі часта гуляю ў футбол.

     

    Пра Бабруйск

    Я прыязджаю ў Бабруйск да бацькоў і сястры, цёткі, дзядзькі. Справы тут амаль не вырашаю. Шкадую, што ўсё менш часу, каб бываць у родным горадзе, часам яго не стае нават на сустрэчы з роднымі.

     

     

    Пра сум

    Мне шкада беларусаў, не хачу нікога абразіць, але мы не паспяваем за развіццём Еўропы. Часам здаецца, што мы наадварот, адкатваемся назад. Людзі глядзяць тэлевізар штодня, але нічога не ведаюць, баяцца згубіць працу, таму схіляюць галаву... Калі даеш ім шчырую параду, гэта ўспрымаюць, як крытыку.

    Тут няма культуры піцця. Людзі п'юць алкаголь з самага ранку. Заходжу ў краму, звяртаю ўвагу, што на стужцы ў кожнага пакупніка як мінімум двухлітровая бутэлька піва. На застоллях, калі бутэлька адкаркаваная - абавязкова мусіць быць дапітая. Калі не хапіла адной бутэлькі, значыць, трэба збегаць за трыма... І пасля, калі людзі напіваюцца, усё іх чорнае выходзіць наверх, бачна, хто што думае і кім насамрэч з'яўляецца.

    Аднойчы да мяне ў Бабруйск прыехаў у госці знаёмы швейцарац. Мы шпацыравалі па плошчы Перамогі, калі да нас падышоў мужчына. Гэта была раніца, але ён дастаў бутэльку таннага віна, і прапанаваў з ім выпіць: "Адзін не хачу". Мы адмаўляліся, але ён літаральна прасіў, "каб мы яго пашкадавалі". Усё гэта вельмі сумна.

     

     


    Автор новости:



    Читайте по теме:


    ОБСУЖДЕНИЕ
    Комментарии остутствуют
    Сортировать:

    Транспорт Недвижимость Связь Торговля Власти Медицина Образование Работа
    Транспорт Недвижимость Связь Торговля Власти Медицина Образование Работа

     
    Подписка на rss Vkontakte Odnoklassniki Facebook Twitter Instagram YouTube
    175 209 - именно столько уникальных пользователей нас посетило за июль 2019 года.
    На основе Google Analytics*