Регистрация и авторизация через Вконтакте Авторизация через Одноклассники
БобруйскРегистрация Забыли пароль? почта БобруйскПочта

    Подписаться на наши новости

    Введите свой e-mail адрес:

    Будь в курсе новостей родного города!­­­­­


    Площадь им. Ленина

    Перейти к видеотрансляции


    7 октября 2018   Просмотров: 1935

    «Глушанскі хутарок»: Больш гасцей і прэзентацыя «Прыпынка Адамовіча»

    Гэтым разам на штогадовы і перадюбілейны фестываль у Глушы з'ехаліся ўдзельнікі і госці не толькі з Беларусі, але і дзвюх расійскіх абласцей - Ніжэгародскай і Валагодскай.
    На тэрыторыі Цэнтру рамёстваў размясціліся шматлікія раённыя падвор'і, з восеньскім ураджаем, кветкамі, сталамі з усемагчымымі прысмакамі і напоямі. Побач - майстры з вырабамі з лазы, жалеза, бісеру, гліны, дрэва, з тканымі ручнікамі і паясамі, вышытымі кашулямі і карцінамі, лялькамі і сувенірамі. На адкрытай пляцоўцы выступілі калектывы з раёнаў вобласці - Глускага, Слаўгарадскага, Кіраўскага, Клічаўскага, Хоцімскага, Бабруйскага.

    А распачаўся фестываль з адкрыцця ганчарнага дворыка і пленэру па кераміцы. Яго зладзілі мясцовы майстар Аляксандр Арлоў ды вядомыя бабруйскія ганчары, браты Юры і Валер Боўды.

    Тым, хто ўпершыню наведаў Глушу, было цікава ўбачыць перавезеныя з розных куткоў Беларусі архітэктурныя помнікі - драўляную царкву, млын, "хату бедняка", ганчарную майстэрню.

    Фотарэпартаж з "Глушанскага хутарка" тут:

    На прэзентацыю "Прыпынка Адамовіча", які аформіў мінскі мастак Аляксандр Благій, прыехала дачка пісьменніка Наталля Адамовіч, бард і пісьменнік Зміцер Бартосік, скульптар Генік Лойка.

    На фота: ініцыятары праекту з дачкой пісьменніка Наталляй Адамовіч і старшынёй глушанскага пасялковага Савету Марыяй Сушчанкай. 

    Можа ў Глушы стане цікавей жыць, калі з часам яна стане больш турыстычным месцам, - выказала думку Наталля Адамовіч.

    Нам пашчасціла, што мы маем свой брэнд - Алеся Адамовіча, - кажа Марыя Сушчанка, старшыня глушанскага пасялковага Савету. - І "Глушанскі хутарок" немагчыма ўявіць без згадак пра нашага таленавітага земляка. Мы прыдумалі фестываль дзевяць год таму, ў наступным будзе юбілей! Спачатку фэст быў сельскім, мясцовым святам, але вырас да рэгіянальнага. Мяркую, калі тут з'явіцца помнік Адамовічу, будзе больш ахвотных прыехаць у якасці турыстаў, таму мы абавязкова рэалізуем гэты праект.

    На адкрыццё прыпынку і экскурсію па адамовіцкіх мясцінах прыехалі бабруйскія школьнікі, сярод іх - аматар беларускай літаратуры і гісторыі Максім Вячэрак.


    Вядома, галоўная нагода майго прыезду ў Глушу - убачыць прыпынак. У рэальнасці ён выглядае яшчэ лепей, чым на фота. Лічу, тут выгоднае месца для арт-аб'екту, ездзіць шмат транспарту, кіроўцы і пасажыры звяртаюць на яго ўвагу.

    Школьніцы Маргарыта Капітанава і Ксенія Баранчук таксама прыехалі паглядзець на арт-аб'ект, і наведаць фестываль.

    Канечне, мы ведаем, хто такі Алесь Адамовіч. Мы нават удзельнічалі ў мазгавым штурме, калі абіраліся ідэі на гэты арт-аб'ект, прапаноўвалі зрабіць яго ў выглядзе кніг. Але і ў гэткім варыянце прыпынак файна выглядае, адразу кідаецца ў вочы.

    Пісьменнік Зміцер Бартосік даволі часты госць на "Глушанскім хутарку", прыязджае сюды па запрашэнні Наталлі Адамовіч.

    Калі ёсць свабодны дзень, з радасцю прымаю прапанову Наталлі з'ездзіць у Глушу. Сёння я прыехаў з дзецьмі, хай падурэюць на кірмашы. Заўжды рады бачыць Ільхама Джафарава, дзякуючы якому ацалеў дом, дзе раней жылі Адамовічы, дзе была аптэка. Ён бы разваліўся, калі б не Ільхам. Усе гэтыя гады ён яго падтрымліваў, падкалочваў, глядзеў за ім.
    Бартосік - лаўрэат прэміі імя Алеся Адамовіча за кнігу ў жанры нон-фікшн "Быў у пана верабейка гаварушчы". Ён кажа аб тым, што яго кнігі не настолькі "глыбокія", як у вядомага глушанца.

    - Арт-аб'екты патрэбныя, тым больш на радзіме такіх літаратараў, як Адамовіч. Тут па ідэі трэба помнік ставіць і адчыняць сур'ёзны музей, спадзяюся, мы дажывем і да гэтага. Але пакуль мы пра іх марым, хай будзе прыпынак. Нават калі з сотні чалавек, якія праедуць па гэтай дарозе, хаця б адзін захоча адкрыць кнігу Адамовіча, "Vixi" ці "Карнікі", гэта ўжо будзе вялікая справа. Мяркую, Адамовіча можна чытаць і школьнікам. Каб крыху зразумець узровень той бяды, той трагедыі, калі слова "смерць" проста згубіла свой сэнс, настолькі гэта была з'ява штохвілінная. Каб зразумець, наколькі чалавек можа "расчалавечыцца". Мяркую, "Нямко" ды "Карнікаў" можна пачынаць чытаць з 14-15 гадоў, - кажа Зміцер Бартосік.

    Магчыма, помнік Алесю Адамовічу паўстане ў Глушы ўжо ў наступным годзе. Макет вырабіў славуты беларускі скульптар Генік Лойка. Адна з апошніх яго прац - бронзавы Тадэвуш Касцюшка ў Мерачоўшчыне.

    - Вядома, ідэя стварэння помніка Адамовічу вельмі мне блізкая, гэта быў выбітны чалавек. Напэўна, у Беларусі няма помнікаў Адамовічу, і калі ніхто нас не перагоніць, мы будзем першыя. А можа і добра было б, каб нехта нас перагнаў, і перад нашым помнікам яшчэ з дзясятак з'явілася б, - смяецца Генік Лойка. - Сёння я прывёз у Глушу эскіз бюста, каб прымерыць да месца, дзе ён будзе ўсталяваны. Мяркую, пляцоўка каля аптэкі цудоўна пад яго пасуе!

    - Я задаволены тым, што "Прыпынак Адамовіча" існуе, - кажа ініцыятар стварэння арт-аб'екту Андрусь Архіпенка. - Ён прыцягвае ўвагу, ён цікавы, на адкрыццё прыехала шмат моладзі. Але буду лічыць, што мы дасягнулі мэты, толькі калі ў Глушы паўстануць яшчэ і помнік з музеем.

    Наталля Адамовіч узгадвае, што спачатку не магла ўявіць, як будзе выглядаць арт-аб'ект.

    - Я слухала Андруся і думала: "Як усё задуманае змесціцца на адным прыпынку?" Партрэт абраў Андрусь, а на тэксце я настаяла, бо гэта словы бацькі пра родны дом. Ён шмат ездзіў апошнія гады, і Глуша была для яго месцам свежага паветра і адпачынку, тут ён набіраўся сіл. Напэўна, у мяне зараз Глуша выклікае падобныя пачуцці. І сыны маёй стрыечнай сястры зараз укладаюць грошы, каб захаваць наш глушанскі дом, хочуць каб іх дзеці ды ўнукі працягвалі сюды прыязджаць. Для мяне прыемна і нечакана, што ёсць моладзь, якой цікавы Адамовіч, бо звычайна яго больш чытае сталае пакаленне. Хоць яго героі, гэта звычайна падлеткі 15-16 год. Хачу адзначыць, што сёння - дзень Андруся і яго каманды, тых людзей, якія прыдумалі і рэалізавалі "Прыпынак Адамовіча", знайшлі шыкоўнага мастака. Усім мясцовым жыхарам ён падабаецца, - адзначыла Наталля Адамовіч.

    А.Л.
    Фота: Алена Фофанава


    Читайте по теме:


    ОБСУЖДЕНИЕ
    Комментарии остутствуют
    Сортировать:

    Транспорт Недвижимость Связь Торговля Власти Медицина Образование Работа
    Транспорт Недвижимость Связь Торговля Власти Медицина Образование Работа

     
    Подписка на rss Vkontakte Odnoklassniki Facebook Twitter Instagram YouTube
    244 076 - именно столько уникальных пользователей нас посетило за февраль 2019 года.
    На основе Google Analytics*