close.svg

Авторизация

Нет аккаунта? Зарегистрируйтесь

Культура, отдых, развлечения

Філасофія па-беларуску, вершы пра жаночыя грудзі – што пабачылі і пачулі бабруйчане на “Прадмове”

Філасофія па-беларуску, вершы пра жаночыя грудзі – што пабачылі і пачулі бабруйчане на “Прадмове”

У суботу 14-га сакавіка наш горад сустракаў адну з самых значных падзеяў у літаратурным жыцці Беларусі – фестываль інтэлектуальнай кнігі “Прадмова”. У тайм-клубе “1387” сабралася сапраўднае сузор’е беларускіх пісьменнікаў, якія прэзентавалі свае апошныя выданні, чыталі вершы. На імправізаваным кірмашы можна было набыць кнігі на роднай мове на любы густ.

Філасофія на беларускай мове – ці можа быць?

“Прадмова” ў Бабруйску праходзіла ўжо ў другі раз. Як і летась, наш горад перамог у народным галасаванні ў сацсетках, таму арганізатары прывезлі фестываль да нас.

Праграма была падзеленая на дзве часткі – для дарослых і для дзяцей і падлеткаў. Нажаль, дзіцячая часткая так і не адбылася. Відаць, госці імпрэзы пабаяліся з-за эпідэміялагічнай сітуацыі ў свеце і краіне прыводзіць дзяцей у месца збору вялікай колькасці людзей.

фестываль прадмова ў бабруйску

Дарослых жа гасцей “Прадмовы” чакала шмат цікавостак, і адна з іх – “Уводзіны ў філасофію па-беларуску”, якую прэзентаваў яе ўкладальнік, кандыдат філасофскіх навук, каардынатар супольнасці “Беларуская філасофская прастора” Павал Баркоўскі. Ён распавёў гасцям пра перадгісторыю паўстання кнігі, пра тое, што насамрэч яна – гэта ў тым ліку і “плён дзікіх 90-х гадоў, якія пачыналіся для беларусаў з таго, што яны задумаліся, што варта даваць дзецям і моладзі адукацыю па-беларуску”. Але сутыкнуліся з адсутнасцю адмысловых дапаможнікаў на роднай мове. Тады менскі ліцэй ім. Я.Коласа распачаў падрыхтоўку хрыстаматыі. Яна была амаль гатовая, яе ўжо хацелі “прапускаць праз Міністэрства адукацыі, але адбыўся 1994 год, і праект на доўгі час лёг у скрыні”, распавёў Павал Баркоўскі.

фестываль прадмова ў бабруйску
Павал Баркоўскі

Аднак летась, як раз пасля папярэдняй “Прадмовы” сабралася каманда энтузіястаў, плён працы якой – кнігу “Уводзіны ў філасофію” і прадставіў Баркоўскі ў Бабруйску. Дапамагла выдаць кнігу новаствораная беларускамоўная адукацыйная ўстанова – Універсітэт ім. Ніла Гілевіча. Паводле ўкладальніка, у кнізе сабраныя больш за 200 сусветнавядомых, а таксама мясцовых, беларускіх філосафаў. “І гэта не толькі нашыя землякі з часоў Еўфрасінні Полацкай, Сымона Буднага, але і сучаснікі, напрыклад, Валянцін Акудовіч”, - падкрэсліў Баркоўскі.

“Кожная краіна, кожны народ варты таго, каб мець філасофію на сваёй мове, мець магчымасць задаваць на гэтай мове глыбокія, небанальныя пытанні, - казаў Павал Баркоўскі. – Наша кніга – самы першы крок у гэтым сэнсе. Гэта падмурак, каб у бліжэйшы час паўстала магчымасць для адукацыі па-беларуску па ўсіх дысцыплінах. Гэта добрая школа падрыхтоўкі для чалавека, разумення, што аб сваім мысленні трэба дбаць зранёх, а не на старасці гадоў”.

фестываль прадмова ў бабруйску

Сучасная беларуская паэзія – верлібры, пранізлівыя вершы пра каханне

Валянціна Аксак – паэтка, журналістка, аглядальніца культуры на “Радыё “Свабода” – прачытала свае творы розных часоў і прадставіла апошні зборнік – “Кава ў арліным гняздзе”.

фестываль прадмова ў бабруйску
Валянціна Аксак

Творчасць Валянціны Аксак – гэта пранізлівыя вершы пра каханне, пра самае патаемнае і інтымнае.

Паэтка патлумачыла, чаму ейны апошні зборнік мае такую "птушыную" назву.

“У арлоў такія шлюбныя гульні своеасаблівыя – яны нібы васьмёркі ў паветры выпісваюць, каб паказаць самкам сваю выключнасць. Я бачыла гэта на свае вочы – сапраўды ўражвае. Мяне гэта кранула. Тым больш, усё супала: гэтыя васьмёркі, восьмая кніга, бясконцасць”.

фестываль прадмова ў бабруйску
Валянціна Аксак

Сабіна Брыло – паэтка, якая піша ў жанры верлібра. На “Прадмове” яна прэзентавала свой другі зборнік “Я і іншыя людзі”. Два гады таму ў паэткі выйшла першая кніга – “Толькі літары”. Яна ж была перакладзена на літоўскую мову і выдадзена ў Літве. Сабіна ўмее перадаць праз самыя звычайныя, побытавыя з’явы найглыбейшыя пачуцці і рухі душы.

фестываль прадмова ў бабруйску
Сабіна Брыло

Уладзімір Арлоў: марыў стаць дзяўчынкай, патолагаанатамам і шпіёнам, напісаў кнігу для кожнай беларускай сям’і.

На бабруйскую “Прадмову” завітала сапраўдная зорка беларускай літаратуры – пісьменнік Уладзімір Арлоў. Гасцям ён крыху распавёў пра сябе.

“Калі нехта з вас хоча стаць пісьменнікам, і думае, што гэтая вельмі цяжка альбо немагчыма, то перад вамі жывы прыклад, што такія мары здзяйсняюцца, - распачаў Арлоў. – Я хацеў стаць патолагаанатамам, шпіёнам. А яшчэ ў тры гады я марыў стаць дзяўчынкай. Урэшцэ рэшт насуперак бацькам я паступіў на гістарычны факультэт і стаў пісьменнікам”.

фестываль прадмова ў бабруйску
Уладзімір Арлоў

Уладзімір Арлоў зачытваў вершы з кніг розных часоў. У баладзе “Мёд” пра лёсы сяброў дзяцінства са зборніка “Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань” пісьменнік вывеў рэцэпт на мужчынскае даўгалецце: “Любаванне жаночымі грудзямі павялічвае жыццё мужчыны ў сярэднім на пяць гадоў”. Увогуле ж, гэты апошні зборнік балад Арлова – гэта вялікая барацьба са Смерцю, як пісалі пра кнігу крытыкі. Гэта змаганне з непазбежным, спробы запаволіць час.

фестываль прадмова ў бабруйску

У чарговы раз Арлоў прэзентаваў адзін са сваіх самых значных твораў – багата ілюстраванае выданне пра нашую гісторыю “Айчына” – кнігу для кожнай беларускай сям’і, як сказаў Арлоў. У 2017 годзе пісьменнік ужо прэзентаваў гэтую кнігу  ў Бабруйску.

фестываль прадмова ў бабруйску
Уладзімір Арлоў падпісвае кнігу
фестываль прадмова ў бабруйску

Свабода слова ў літаратуры і журналістыцы – хто сёння яе стрымлівае?

фестываль прадмова ў бабруйску
Дыскусія "Хайп падчас цэнзуры: свабода слова і этыка"

Цікавай часткай фестываля стала дыскусія на тэму “Хайп падчас цэнзуры: свабода слова і этыка”. У ёй прымалі ўдзел Сабіна Брыло, якая, акрамя таго, што паэтка, яшчэ і журналістка, Андрэй Бастунец, старшыня грамадскай арганізацыі “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, юрыст, Андрэй Хадановіч, пісьменнік, Таццяна Нядбай, пісьменніца, намесніца старшыні беларускага ПЭН-цэнтра. Дыскутанты разважалі пра тое, што такое – свабода слова, дзе яна сканчаецца, што і хто яе абмяжоўваюць.

“Канешне, дзяржава абмяжоўвае свабоду слова далёка за межамі міжнародных стандартаў, - казаў Андрэй Бастунец. - Але сёння мы бачым, што не толькі дзяржава робіць пэўныя рухі ў бок абмежавання свабоды слова, і мне нават гэтая, другая частка больш цікавая. Мы бачым, як свабода меркавання абмяжоўваецца, напрыклад, такімі рэчамі як паліткарэктнасць, а сюды можна ўпісваць усё што заўгодна: барацьба з мовай варожасці, пры гэтым пад мову варожасці ўпісваюць тое, што далёка не тычыцца мовы варожасці па афіцыйных стандартах. Гендэрны аспект, і тут можна працягваць далей і далей. Мы зараз жывем у такім цікавым свеце, калі ўжо не толькі з боку дзяржавы ідзе ціск на свабоду выказвання, але ён ідзе і з боку здавалася б дэмакратычнага сегменту”.

фестываль прадмова ў бабруйску
Сабіна Брыло і Андрэй Бастунец
фестываль прадмова ў бабруйску
Андрэй Хадановіч і Таццяна Нядбай
фестываль прадмова ў бабруйску

Напрыканцы фестываля для ўдзельнікаў і гасцей заспяваў бард Зміцер Бартосік.

“Прадмова” – пляцоўка для камунікацыі паміж выдаўцамі, аўтарамі, рэдактарамі, ілюстратарамі, дызайнерамі і чытачамі.

Фестываль ладзіцца з мэтай інтэнсіфікацыі беларускага кніжнага рынку інтэлектуальнай кнігі, умацавання беларускай інтэлектуальнай прасторы дзеля развіцця мясцовай грамадзянскай супольнасці. Сёлета “Прадмова” праводзіцца ўжо ў трэці раз. З 2 па 5 красавіка фестываль пройдзе ў Менску.

фестываль прадмова ў бабруйску
фестываль прадмова ў бабруйску
фестываль прадмова ў бабруйску
фестываль прадмова ў бабруйску
фестываль прадмова ў бабруйску
фестываль прадмова ў бабруйску
фестываль прадмова ў бабруйску

Автор новости:

Фото:

Читайте по теме:

ОБСУЖДЕНИЕ
Комментарии отсутствуют