Регистрация и авторизация через Вконтакте Авторизация через Одноклассники
БобруйскРегистрация Забыли пароль? почта БобруйскПочта

    Подписаться на наши новости

    Введите свой e-mail адрес:

    Будь в курсе новостей родного города!­­­­­


    Площадь им. Ленина

    Перейти к видеотрансляции

    10 октября 2018   Просмотров: 2534

    «Наши люди». Рубрика об интересных людях Бобруйска

    В нашем городе живут интересные люди, о которых стоит говорить, которых нужно знать! Возможно, такой человек рядом с вами!
    Мама днём работает поваром, а вечером пишет стихи? Подружка-юрист обладает уникальными вокальными данными? Папа вроде человек простой, но на его харизме и твердом характере держится вся семья? Мы начинаем рассказывать такие истории!

     

    Рубрыка «Нашыя людзі» была задуманая напярэдадні Дня настаўніка, таму першы герой – Ігар Васільевіч Грабянчук, педагог са стажам. Дарэчы, зусім нядаўна выдадзеная першая кніга, напісаная Ігарам Васільевічам, а ад сябе дадам, што гэта адзін з тых выкладчыкаў, які заўсёды ставіўся да вучняў, студэнтаў як да сфармiраваных асобаў, дарослых. Бывала, прыходзіш на пару непадрыхтаванай, але адчуваеш не страх перад Ігарам Васільевічам, а сорам перад сабой за тое, што няправільна размеркавала час. Вось такую атмасферу ўмеў стварыць гэты чалавек на занятках. 

    Асноўныя этапы жыцця. Я нарадзіўся 7 кастрычніка 1968 года ў мястэчку (ці ў савецкай традыцыі – пасёлку гарадскога тыпу) Прыгарадная, якое ўжо даўно стала часткай Рэчыцы. Маё ранняе дзяцінства прайшло на тэрыторыі Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці – у вёсках Белае Балота і Баршчоўка. Школьныя гады ўжо звязаныя з вёскай Баравікі Светлагорскага раёна. Пасля заканчэння школы ў 1986 г. паступіў у Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт, які скончыў у 1993 г., атрымаўшы гістарычную адукацыю. З 1987 па 1989 гг. служыў у войску. А са жніўня 1991 г. пачаўся мой працоўны шлях. Тады два гады я працаваў настаўнікам гісторыі і геаграфіі ў Чкалаўскай няпоўнай сярэдняй школе. На жаль, гэта школа ўжо даўно зачынена, як, зрэшты, і шмат іншых “малакамплектных” школ на тэрыторыі нашай краіны…

    Наогул, найбольшая частка майго жыцця (37 гадоў, калі не лічыць службу ў войску)  звязаная з Гомельскай вобласцю. Як ужо было сказана, там я атрымаў адукацыю, там ажаніўся і там жа нарадзілася мая дачка. З 1993 па 2003 гг. працаваў настаўнікам гісторыі ў сярэдняй школе № 10 г. Светлагорска, адначасова навучаючыся завочна ў аспірантуры Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З 2003 па 2007 гг. выкладаў у Светлагорскім філіяле Прыватнага інстытута прадпрымальніцтва і кіравання, які таксама быў зачынены ў 2008 г.

    У 2005 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Узнікненне і дзейнасць публічных музеяў у Беларусі (1851 – 1917 гг.)” па  спецыяльнасці “Айчынная гісторыя”, а неўзабаве атрымаў запрашэнне перайсці на працу ў Бабруйскі філіял Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта. Так з 1 верасня 2007 г. я пачаў працаваць на пасадзе дацэнта кафедры грамадскіх дысцыплін БФ БДЭУ.    

    Захапленні. Цяжкае пытанне. Падобна на тое, што мне даволі складана вызначыць тую мяжу, якая аддзяляе прафесійную дзейнасць ад проста захаплення (хобі). Зразумела, значную частку свайго вольнага часу я прысвячаю чытанню навуковай і мастацкай літаратуры, навін у сродках масавай інфармацыі. На тэлебачанні любімы жанр – навукова-папулярныя перадачы, прычым па самых розных галінах ведаў, не абавязкова па гісторыі. Люблю падарожжы, знаёмства з рознымі цікавымі мясцінамі і іх жыхарамі. Наш век лічбавых тэхналогій значна спрасціў заняткі фатаграфіяй, таму ў вольную хвіліну не супраць зрабіць некалькі фотаздымкаў, асабліва розных краявідаў.

    Галоўная мара ў дзяцінстве, кім хацелася стаць. Сёння пра гэта нельга казаць без усмешкі, але ж самай першай дзіцячай марай у мяне было жаданне стаць машынабудаўніком. Магчыма, гэтыя мроі ўзніклі пад уплывам той акалічнасці, што мой тата быў інжынерам. Паступова з узростам зразумеў, што тэхніка і дакладныя навукі – гэта зусім не маё. Усё больш прыцягальнай станавілася гуманітарная сфера. Наступная мара – журналістыка, але ж і яна паступова адступіла на карысць гісторыі. 

    Рашэнні, учынкі ў жыцці, якімі ганарыцеся/за якія сорамна. Неяк не задумваўся над тым, што з рашэнняў і ўчынкаў можа быць прадметам гонару. Проста заўсёды імкнуўся сумленна рабіць справу, не перакладаць сваю адказнасць на іншых, быць шчырым з людзьмі. Адносна другой часткі пытання магу сказаць, што ў дзяцінстве бывала не самым лепшым чынам абыходзіўся з жывёламі. Так, гэта рабілася па дзіцячай неразумнасці, але ўсё роўна застаецца няёмкае пачуццё. Проста з гадамі разумееш, што такія ўчынкі могуць рабіць негатыўны ўплыў на нашу псіхалогію, а можа і ўвогуле на ўвесь лёс…

    Мара/мэта зараз. Галоўная мара на сённяшні дзень – гэта жаданне, каб найхутчэй скончылася цяперашняя сітуацыя, калі я значную частку часу знаходжуся ў часовай разлуцы са сваёй сям’ёй – самымі дарагімі мне людзьмі. Справа ў тым, што пасля закрыцця Бабруйскага філіяла БДЭУ я працую ў Мінску, а сям’я знаходзіцца ў Бабруйску. Як правіла, бачымся толькі на выходных. Зразумела, што такое становішча на працягу доўгага часу можа лёгка перакрэсліць любыя самыя амбітныя планы і праекты.

    Якасці, якія больш за ўсё шануеце ў людзях. Да такіх у першую чаргу адносяцца дабрыня, шчырасць, камунікабельнасць, мэтанакіраванасць і дысцыплінаванасць. А яшчэ вельмі паважаю людзей з развітым пачуццём гумару. Лічу, што значную частку праблем у стасунках паміж людзьмі можна было б нашмат лягчэй вырашаць, каб матухна-прырода больш шчодра іх надзяліла гэтым цудадзейным сродкам. Хоць, зрэшты, як мне здаецца, такую якасць можна развіць у сваім характары і шляхам мэтанакіраваных высілкаў.

    Калі не сабой, то кім Вам хацелася б быць? Магу быць толькі самім сабой і нікім іншым ні пры якіх абставінах. Жыццё кожнага чалавека – гэта непаўторная з’ява, таму варта напоўніцу рэалізаваць усе свае здольнасці, а не імкнуцца бяздумна капіраваць чужы, няхай і самы паспяховы досвед.

    Зусім нядаўна была выдадзена першая кніга, напісаная Вамі, гісторыка-дакументальны нарыс да 120-годдзя Шклоўскай папяровай фабрыкі “Спартак”. Раскажыце пра кнігу і працэс яе стварэння: фармат работы; праблемы, з якімі сутыкнуліся; крыніцы натхнення ў працы над немастацкім творам і інш. Выхад першай маёй кнігі стаўся справай дастакова спантаннай. Калі б у пачатку гэтага лета які-небудзь прарок мне сказаў, што ўжо ў верасні выйдзе кніга з маім прозвішчам на вокладцы, то, далібог, не паверыў бы. Але ж абставіны склаліся так, што неабходна было ў вельмі сціслыя тэрміны напісаць кнігу па гісторыі Шклоўскай папяровай фабрыкі “Спартак”, якая якраз збіралася адзначыць 120-годдзе з дня свайго заснавання. Такую прапанову я атрымаў ад выдавецкага дома «Segment» – вельмі прыстойнай арганізацыі, з якой ужо супрацоўнічаю другі год.

          

    Фармат кнігі – навукова-папулярнае даследаванне, якое дазволіць масаваму чытачу скласці цэласнае ўяўленне аб усім працоўным шляху найстарэйшага ў Шклове прадпрыемства. Галоўнай праблемай быў востры недахоп часу. Я з’ездзіў у камандзіроўку ў Магілёў і Шклоў. Неабходна было правесці архіўную пошукавую працу, выявіць патрэбныя дакументы, перагледзець шмат падшывак старых газет у Нацыянальнай бібліятэцы, асэнсаваць усю здабытую інфармацыю. Непасрэднае ж напісанне тэксту заняло крыху больш трох тыдняў. Усяго атрымалася 150 старонак і каля 240 ілюстрацый. Дадамо яшчэ, што выдадзена і скарочаная версія гэтай кнігі аб’ёмам 120 старонак, невялікага фармату, у мяккай вокладцы.

    Такая хуткасць напісання стала магчымай таму, што я якраз выйшаў у чарговы працоўны адпачынак, таму меў магчымсць цалкам засяроддзіцца на гэтым праекце. Як я жартаваў: “Усе зоркі сышліся так, каб гэта кніга пабачыла свет”. А натхняла мяне ў той дастаткова нялёгкай працы маральная падтрымка сям’і, за што я бясконца ўдзячны сваёй жонцы Святлане і дачцы Лідзе.  

    Калі і як наогул прачнулася цяга да пісьменніцтва? Карані гэтай цягі зноў жа сягаюць у дзяцінства. Калі я навучыўся чытаць, то друкаванае слова заварожвала мяне сваім хараством і неяк падсвядома ўзнікала наіўная дзіцячая мара напісаць і сваю кнігу. Падобная кніга стваралася проста: аркушы вучнёўскага сшытка абразаліся пад невялікі кніжны фармат, сшываліся, афармлялася “вокладка”, а затым ад рукі ўпісваліся тэксты, пераважна ўпадабаныя вершы. Паступова гэта цяга станавілася больш усвядомленай. З задавальненнем пісаў сачыненні. Пры гэтым ніколі не карыстаўся “крытыкай” – адаптаванымі вучэбнымі дапаможнікамі, якія палягчалі школьнікам успрыманне літаратурных твораў. Заўсёды творы школьнай праграмы чытаў на мове арыгіналу (хоць тады ўжо дастаткова шырока распаўсюдзілася мода чытаць беларускіх пісьменнікаў у рускамоўным перакладзе) і абавязкова ўвесь тэкст. Ну а канчаткова “кропка невяртання”, калі ўжо немагчыма было закінуць гэтую “цягу да пісьменніцтва” куды падалей, была пройдзена ў студэнцкія гады. 12 верасня 1992 г. у газеце “Гомельскія ведамасці” быў апублікаваны першы мой невялікі артыкул, прысвечаны навуковай спадчыне выдатнага беларусазнаўцы Еўдакіма Раманавіча Раманава. Ад гэтай даты я і адлічваю сваю творчую біяграфію.

    Яшчэ тут варта ўзгадаць пра таго чалавека, які можна сказаць стаў маім “хросным бацькам” у справе далучэння да навукі. Быў гэта не хто іншы, як вядомы многім жыхарам Бабруйска Аляксей Міхайлавіч Ненадавец. Калі мы з ім пазнаёміліся ў 1986 г. “на бульбе” ў Петрыкаўскім раёне, ён ужо быў кандыдатам філалагічных навук і выкладаў на філфаку Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. І хоць фармальна маім выкладчыкам ён не быў, але ж я, “жаўтароты” першакурснік, не мог не захапляцца яго эрудыцыяй і заставацца абыякавым да свету навукі. Хто тады мог ведаць, што пройдзе час, і мы цэлых 10 гадоў будзем разам працаваць на адной кафедры!

    Ці ёсць нявыдадзеныя працы ў іншых жанрах? Над якімі больш складана працаваць? У мяне толькі два рабочыя жанры – навуковы і навукова-папулярны. Мастацкая проза ці паэзія – зусім не мая стыхія. Калі ж казаць пра нявыдадзеную працу, то гэта кніжка па гісторыі першай ВНУ ў нашым горадзе – Бабруйскага настаўніцкага інстытута, які працаваў у 1949 – 1954 гг. За некалькі гадоў сабралася шмат цікавых матэрыялаў, апублікаваны шэраг артыкулаў на гэтую тэму, але пакуль неяк не атрымліваецца ўсю інфармацыю апрацаваць і аформіць належным чынам у фармаце кнігі. Не ведаю які жанр для яе падыйдзе лепш – навуковы ці навукова-папулярны. Верагодней ўсё ж першы. Адносна складанасці працы ў розных жанрах цяжка штосьці адназначана вылучыць. Кожны з іх патрабуе поўнай мабілізацыі сіл і цярпення ў давядзенні справы да канца. 

    Вашы любімыя пісьменнікі, паэты? Гэта пытанне “касмічнага” маштабу і ў гэтым інттэрв’ю цяжка будзе пералічыць усіх маіх любімых пісьменнікаў, паэтаў і асэнсаваць уплыў іх твораў на маю асобу. Пачну адказ на гэта пытанне трохі здалёк. Некалькі апошніх гадоў працы ў Бабруйскім філіяле БДЭУ я праводзіў конкурс творчых работ сярод сваіх студэнтаў на тэму “Беларусы і беларуская культура ў свеце”. Прыходзіць аднойчы мая адна студэнтка ўся дужа ўсхваляваная і кажа: “Ігар Васільевіч, я пачытала рэкамендаваную літаратуру па сваёй тэме. Гэта, гэта!..”, – і не знаходзіць слоў, каб выказаць усё сваё захапленне. Я засмяяўся і спытаў: “Што, Даша, “беларускую Атлантыду” адшукала?” Дык вось я сваю “беларускую Атлантыду” адшукаў у дужа далёкім ужо 1984 годзе, прачытаўшы раман Уладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”. З таго часу я з захапленнем прачытаў амаль усе творы гэтага аўтара, а ўзгаданы раман – яшчэ раз.

    Вялікае ўражанне на мяне зрабілі забароненыя сталінскім рэжымам творы беларускіх пісьменнікаў (Янкі Купалы, Вацлава Ластоўскага, Максіма Гарэцкага, Уладзіміра Жылкі, Ларысы Геніюш і інш.),  якія доўга праляжалі на паліцах “спецсховішчаў” і на мяжы 80-90-х гадоў мінулага стагоддзя нарэшце знайшлі свайго чытача. Найбольшай увагі, на мой погляд заслугоўвае, п’еса Янкі Купалы “Тутэйшыя”. Гэта сапраўдная “бессмяротная камедыя” беларускай літаратуры. Што ж да твора, за якім такі эпытэт замацаваўся ў рускай літаратуры – «Горе от ума» Аляксандра Грыбаедава – то ён таксама зрабіў значны ўплыў на фарміраванне майго светапогляду. Тады, у сярэдзіне 1980-х, гэты твор класіка рускай літаратуры прымусіў мяне задумацца над пытаннем: а ці сапраўды псіхалогія людзей так ужо кардынальна мяняецца з надыходам “больш прагрэсіўнай фармацыі”, як гэта даводзілі пануючыя ў той час ідэалагічныя догмы. Дарэчы, вельмі хачу перачытаць «Горе от ума». Пастараюся знайсці час і на гэтую справу.

    Ваша любімае выслоўе, прынцып жыцця або дэвіз. Думаю, што за ўсю сваю гісторыю чалавецтва не прыдумала лепшага выслоўя, якое атрымала назву “залатога правіла маралі”. Сэнс яго такі: абыходзься з людзьмі так, як хочаш, каб і яны з табой абыходзіліся. Вось гэтага прынцыпу жыцця я заўсёды і прытрымліваюся. Відаць, усе прычынна-выніковыя лініі лёсу любога чалавека так або інакш звязаны з гэтым правілам.

    Пытанне, якое, верагодна, хвалюе многіх людзей, так ці інакш звязаных з БФ БДЭУ, вышэйшай навучальнай установай, закрытай у мінулым годзе: дзе працягваюць сваю прафесійную дзейнасць супрацоўнікі, напрыклад, Вы?

    Другі ўжо год запар я працую ў Інстытуце пагранічнай службы на пасадзе прафесара кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін. Кафедра невялікая – 10 чалавек, вельмі дружная і працавітая.

    Выкладчыкі нашай былой кафедры грамадскіх дысцыплін і права працуюць у БДЭУ, ва Універсітэце грамадзянскай абароны Міністэрства надзвычайных сітуацый Беларусі, у сярэдніх школах горада Бабруйска. Што датычыцца выкладчыкаў выпускаючых  кафедраў, то, наколькі мне вядома, тыя, у каго ёсць вучоныя ступені, таксама працуюць у розных ВНУ Беларусі, некаторыя знайшлі працу на прадпрыемствах горада ці распачалі індывідуальны бізнес. Ну а хтосьці ў сілу ўзросту пайшоў на заслужаны адпачынак. Нядаўна даведаўся пра сумную навіну: не стала выкладчыка кафедры эканомікі і кіравання Гатоўчыка Віктара Іванавіча. Вечная яму памяць… Вось такія жыццёвыя шляхі былых супрацоўнікаў БФ БДЭУ.

    Якое месца Бабруйск займае ў вашым жыцці? Ці ёсць любімыя / нялюбыя месцы і якія? З гэтым горадам звязана меншая частка майго жыцця – усяго 11 гадоў. Але гэта надзвычай насычаныя і цікавыя гады! Мне пашчасціла сустрэць тут шмат добрых людзей, рэалізаваць розныя праекты, як у працы, так і наогул па жыцці. Любімыя мясціны, звязаны  з помнікамі гісторыі, прыгожымі краявідамі. Найбольш у любым месцы Бабруйска (часцяком бывае і за яго межамі) я рады сустрэцца са сваімі былымі студэнтамі, пагутарыць з імі пра жыццё, парадавацца за іх поспехі, маральна падтрымаць, калі ўзнікаюць складанасці. Так што гэты горад дадаў шмат да майго жыццёвага досведу, за што я яму вельмі ўдзячны.

    Вам 50! Раскажыце, што адчуваеце, як раней думалi пра гэтую дату, цi маглi ўявiць, што будзе як ёсць? Шчыра кажучы, асаблівых нейкіх пачуццяў няма. Ну, стаў яшчэ на год старэйшы, праўда вынiк гэты дастаткова своеасаблівы – цэлых паўстагоддзя! Многа гэта ці мала? Катэгорыя часу, як правіла, па-рознаму ўспрымаецца ў розным узросце. Нядаўна чытаў кнігу па методыцы выкладання гісторыі, якая была выдадзена ў 1945 г. У ёй аўтар прыводзіць прыклад адказу вучняў 2-3 класаў: «Первобытные люди жили очень давно – лет 50-60 назад». На пярэчанні настаўніка, што гэта не так, яны неахвотна пагаджаліся, што тое было гадоў 150-160 гадоў таму. Так што я ўжо дасткова набраў вагі для таго, каб мае маладзенькія суграмадзяне, якія 5 гадоў пражылі, а да нуліку пасля гэтай лічбы ім яшчэ вельмі далёка, маглі ўспрымаць мяне як “першабытнага чалавека”. Ну а калі сур’ёзна, то ў гэтым узросце ўжо асабліва абвострана разумееш, што жыццё хуткацечнае, што найбольшую каштоўнасць ў ім маюць здароўе і час, і іх нельга бяздумна марнаваць, а трэба з найбольшай карысцю выкарыстаць як для сябе, так і для людзей…

     

    Вiншуем Iгара Васiльевiча з юбiлеем! Шчасця, натхнення ды новых цiкавых праектаў! Дзякуй за цiкавую i шчырую гiсторыю пра сябе!

     

    Ганя Пшанiчка
    Фотаздымкi з асабістага архіва Iгара Васiльевiча


    Читайте по теме:


    Комментарии остутствуют

    Транспорт Недвижимость Связь Торговля Власти Медицина Образование Работа
    Транспорт Недвижимость Связь Торговля Власти Медицина Образование Работа

     
    Хостинг в Беларуси - Active TechnologiesХостинг в Беларуси
    Подписка на rss Vkontakte Odnoklassniki Facebook Twitter Instagram YouTube
    351 180 - именно столько уникальных пользователей нас посетило за ноябрь 2018 года.
    На основе Google Analytics*