close.svg

Авторизация

Нет аккаунта? Зарегистрируйтесь

Новости компаний

У Бабруйску адкрылася крама "1387", з беларускім адзеннем ды аксесуарамі

У Бабруйску адкрылася крама

 

Ці можа адзенне падкрэсліць беларускую адметнасць? Так, калі гэта, напрыклад, цішотка з цытатай Караткевіча, сукенка з васількамі ці спартовая сумка з крылатымі гусарамі. І ўжо сёння ў бабруйчанаў з'явілася магчымасць памераць, памацаць ды набыць такія рэчы ў сваім горадзе.

Наталля Халанская распавядае, як падчас пандэміі і крызісу ў каманды тайм-клуба "1387" з'явілася ідэя прапаноўваць бабруйчанам не толькі духоўны культурніцкі прадукт (канцэрты, сустрэчы з творцамі), але і матэрыяльны - адзенне, аксесуары ды сувеніры.

Неверагодна, але факт: ад ідэі да рэалізацыі прайшло менш за два месяцы!

 

Пасялілася новая крама ў адным з пакояў тайм-клуба "1387", трапіць сюды зручней праз арт-дворык. Арыентуйцеся на гэтую вялізную вешалку, а пасля глядзіце пад ногі - стыкеры прывядуць, куды трэба.

 

 

Мікіта Бялевіч - напэўна, адзіны ў Бабруйску беларускамоўны прадавец! Ён здольны таксама паразмаўляць з кліентамі-замежнікамі на англійскай і рускай мовах.

- "Праз месяц я буду рабіць гэта хутчэй і прыгажэй", - жартуе Мікіта, і кладзе адну з першых прададзеных маек у карычневую паперу, ды перавязвае пакунак тоўстай ніткай.

 

 

Так, тут няма паўсюдных пластыкавых пакетаў, у "1387" клапоцяцца пра будучыню планеты.

 

- У нашай краме наагул не будзе пластыку, гэта тычыцца не толькі пакункаў, а ўсяго, што прадаем. Наш прынцып - толькі натуральныя матэрыялы, - кажа Наталля Халанская, кіраўніца прасторы "1387". - Таму ў інтэр'еры выкарыстоўвалі дрэва, гэта фанера з мясцовай фабрыкі "ФанДАК", пакрытая сучаснымі бясшкоднымі прапіткамі. Напрыклад, на падваконні - пчаліны воск. То бок, мы яшчэ і беларускіх вытворцаў падтрымліваем.

Бо адзенне і сувеніры таксама танней замаўляць у Кітаі, але для нас важна падтрымліваць мясцовы бізнес і прытрымлівацца экалагічнасці. Апроч гэтага мы не будзем браць на рэалізацыю рэчы, вырабленыя з натуральнай скуры.

 

 

- Крама - частка прасторы тайм-клуба. Калі ў Беларусь прыйшла пандэмія, нас моцна закрануў крызіс. Людзі дагэтуль не вярнуліся ў той жа колькасці, якая была да кавід-19. Нам стала цяжка ўтрымліваць прастору толькі аднымі паслугамі. Збіраліся ўсёй камандай, ладзілі бамбічныя мазгавыя штурмы, шукалі новыя ідэі. Мы былі гатовыя аддаць два пакойчыкі партнёрам, ці самім распачаць нешта новае, каб не згубіць будынак.

Калі з'явілася ідэя адкрыць краму, паўстала пытанне, дзе знайсці аднадумцаў? Для нас было вельмі важна, каб партнёры прытрымліваліся тых жа каштоўнасцяў, што і прастора "1387". Адкінулі шмат ідэй з-за неэкалагічнасці, ці недаступнасці. І ў той момант да нас прыйшоў бабруйчанін Ігар, які сказаў: "Давайце рабіць краму разам!". І тады мы спыніліся на беларускіх вытворцах, каб падтрымаць іх у час крызісу.

Спачатку абралі тры брэнды - "HONAR", "LSTR" ды "Symbal.by". І "Будзьма" - наш сталы партнёр па сацыяльных праектах, мы з імі даўно сябруем... Напэўна, усе ўжо ведаюць, што здарылася з "Сымбалем", няпростая сітуацыя і ў "LSTR", але мы ўсё адно плануем з імі супрацоўнічаць. Таксама пачынаем збіраць цікавых рамеснікаў, бо для іх павінна знайсціся месца не толькі ў анлайн-прасторы. Гэта значыкі, мятлікі (нашыйныя "бабачкі") ды іншае. Маем дамову з Лідскай абутковай фабрыкай, хочам каб да нас прыехалі іх класныя каляровыя кеды. Чакаем, пакуль прыйдзе наша чарга - пандэмія на іх вытворчасць таксама паўплывала. Вельмі нам падабаецца "Sox Pistols", брэнд яркіх шкарпэтак, з класнымі прынтамі, з імі таксама падпісалі дамову. Плануем дадаць ў асартымент кнігі, але пакуль нам прапануюць завялікія наклады, таму шукаем больш даступныя варыянты, - кажа Наталля.

 

 

Крама "1387" - не проста крама. Яна мае "звышідэю" - прасоўванне беларускай культуры і ідэнтычнасці, але ў сучасным выглядзе. "Ёсць стэрэатып, што беларускасць - гэта лапці ды кашулі, але гэта не так", - кажуць гаспадары.

 

- Усе бізнес-эксперты казалі нам: "Гэта смерць - адчыняць афлайн-краму ў крызіс, калі ўсе пераходзяць у анлайн!". Але, паўтаруся, у нас была мэта падтрымаць прастору. Таксама мне заўсёды падавалася, што Бабруйску не хапала крамы, у якую можна было прыйсці, памацаць і памераць такія рэчы, параіцца з сябрамі. А таксама прапанаваць сваё.

Мы хочам, каб тут з'явіліся рэчы з бабруйскім каларытам, і адзенне і сувеніры. Класныя і адметныя. Жадаем бачыць майкі з выявай лекара Марзона і купчыхі Кацнельсон, з адметнымі будынкамі, з цытатамі Сэвелы. Бо чаму не? У планах пачаць такую вытворчасць. Ніхто з нас гэтым ніколі не займаўся, і пакуль мы толькі пачалі разбірацца, як працуе крама, але планы на будучыню - грандыёзныя.

А калі будзем мець свой прадукт - будзем выходзіць таксама і ў анлайн.

Зараз для нас галоўнае - адладзіць пастаўкі, зразумець, што больш цікава пакупнікам. Таму прыходзьце і кажыце, чаго вам не хапае?

 

 

У гэта цяжка паверыць, але дата пачатку стварэння крамы (калі каманда пачала думаць пра дызайн, мэблю ды іншае) - 16 чэрвеня. - "Да пачатку ліпеня зрабілі дызайн-праект, і пасля ўсё вельмі хутка закруцілася", - узгадваюць Наталля і Мікіта. У працэс уключыліся сваякі, сябры, партнёры, валанцёры - іх імёны зараз можна пабачыць на "дошцы гонару" на адной з сценаў крамы. І гэта яшчэ не ўсе людзі, якія падтрымалі каманду "1387".

- Грошы ўкладзены толькі ў матэрыялы. Працу, якая была зробленая рукамі нашых памочнікаў - немагчыма ацаніць! Дызайн-праект зрабіла бабруйчанка Таццяна Праснакова, з вырабам мэблі дапамог Дзяніс Дудаль. Многія ідэі, кшталту чырвонай батарэі з экранам-арнаментам, нарадзіліся выпадкова, у працэсе.

 

А гэта каманда і сябры тайм-клуба - у рэчах з новай крамы (фота Кацярыны Казлоўскай):

 

 

Расклад: будныя дні з 12.00 да 19.00, выходныя дні з 10.00 да 20.00.

Адрас: прастора "1387", вуліца Чангарская-54.

 

Автор новости:

Читайте по теме:

ОБСУЖДЕНИЕ
Всего комментариев: 2

Последние 2 комментария

Сортировать:
Пётр Петрович 11 августа 13:33 0 3

Каждый имеет право говорить на любом из двух государственных языков. Какая проблема?

karmanы 8 августа 12:31 4 4

З кліентамі-замежнікамі на рускай мове. А со своими русскоязычными никак?