Актуально
Бабруйская крэпасць - у ліку сямі цудаў Беларусі
27 сентября 2011
Яны ўсе вартыя звацца цудам, яны ўсе — наша спадчына, наш каштоўны здабытак, наша бясцэннае багацце. Але сярод іх трэба было выбраць сем самых-самых, і гэты выбар мы з лёгкім сэрцам даверылі вам, шаноўныя чытачы і наведвальнікі нашага сайта.
Вынікі вашага галасавання аказаліся цікавымі і нават, вобразна кажучы, натхняюць на не менш цікавыя высновы. У абранай вамі сямёрцы фактычна закладзены той самы славуты беларускі менталітэт, пра загадку якога зараз так любяць разважаць. Шанаваць і берагчы дадзенае Богам і пакінутае ў спадчыну дзядамі, жыць з Верай у сэрцы — ці не гэта галоўныя рысы нашага народа. Таму зусім лагічна, што сярод абраных вамі цудаў і скарбы дадзенай Усявышнім прыроды, і архітэктурныя каштоўнасці — плён працы і таленту старых дойлідаў, і абарончыя валы (мы ніколі ні на кога не нападалі, але пастаяць за сваю зямлю гатовыя заўсёды), і хрысціянскія святыні...
Глядзіце, любуйцеся, ганарыцеся — 7 цудаў Беларусі выбіраліся
ўпершыню, і вы да гэтага спрычыніліся. І абавязкова ўключыце гэтыя
аб’екты ў маршруты сваіх сямейных падарожжаў. Бо ўсё ж такі, як паказаў
наш праект, каб любіць Радзіму, трэба яе ведаць.
“Аднойчы пабываўшы тут, вы захочаце вярнуцца”
Паведамленне аб перамозе ў праекце на месцах успрынялі з
удзячнасцю і гонарам “Віншуем вас, вы — пераможцы!” — прыкладна так мы
паведамлялі прыемную навіну людзям, якія да вызначаных цудаў маюць самае
непасрэднае дачыненне.
І чулі ў адказ не менш прыемныя словы, якія сведчаць: тытул “Цуд
Беларусі” кожны з аб’ектаў будзе з гонарам несці і пацвярджаць
дзеяннямі.
Намеснік генеральнага дырэктара па навуцы Нацыянальнага парку “Белавежская пушча” Васіль АЛЬНОРБІК:
— Ва ўсялякіх конкурсах нам удзельнічаць не ў навіну. У 2009
годзе конкурс цудаў свету ладзіў адзін з культурніцкіх фондаў Еўропы —
на жаль, нам зусім крыху не хапіла балаў да прызнання Нацыянальнага
парку “Белавежская пушча” адным з галоўных аб’ектаў сусветнага ўзроўню. А
тое, што за нас актыўна прагаласавалі чытачы і наведвальнікі сайта
“Народнай газеты”, безумоўна, для іміджу запаведніка вельмі важна.
Мабыць, яны наведвалі нашы ўнікальныя мясціны некранутай прыроды.
Як аб’ект, уключаны ЮНЕСКА ў Спіс сусветнай спадчыны, як брэнд
беларускага турызму, на маю думку, найстаражытнейшы лес Еўропы
заслугоўвае ўвагі. Мяркуючы па колькасці наведвальнікаў, папулярнасць
Белавежскай пушчы, у тым ліку і сярод іншаземцаў, расце. Сёння мы
працуем над праектам трансгранічнага турызму. У прыватнасці, з Польшчай і
Германіяй. На падставе гэтых зносін мы распрацоўваем новую
маркетынгавую канцэпцыю турызму і разам рыхтуем адмысловы праект, для
ўзгаднення якога ў бліжэйшыя дні чакаем сваіх калег.
Яшчэ будаўніцтва аб’язной дарогі вакол Белавежскай пушчы з
адкрыццём пагранічных пунктаў пропуску вымушае і да больш якаснага
сэрвісу, і да больш высокай адказнасці перад калегамі па міжнародным
трансгранічным супрацоўніцтве ў дачыненні тэрыторый, якія мы разам
ахоўваем.
Дырэктар мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” Валерый ГУБАРЭНКА:
— Конкурс “Народнай газеты” “Сем цудаў Беларусі” я вітаю ўсім
сэрцам. Бо ён накіраваны на кансалідацыю нашага грамадства і
патрыятычнае выхаванне моладзі. Брэсцкая крэпасць, якая мае досыць
няпростую і цікавую гісторыю, для жыхароў многіх краін стала
ўвасабленнем, без перабольшання, цудаў гераізму людзей у першыя дні
Вялікай Айчыннай вайны.
Таму вынікі конкурсу, шчыра скажу, не здзівілі. Але — парадавалі
надзвычай. Тым, хто прагаласаваў за нас, вялікі дзякуй. Гэта значыць,
што сапраўдных патрыётаў, людзей, неабыякавых да сваёй гісторыі,
становіцца ўсё больш. Згодна з распараджэннем Прэзідэнта краіны, з 1997
года мемарыял афіцыйна стаў цэнтрам патрыятычнага выхавання, якім,
насамрэч, быў ужо многія дзесяцігоддзі. Днямі мы будзем святкаваць
40-годдзе мемарыяльнага комплексу і 55 гадоў з дня адкрыцця музея
абароны Брэсцкай крэпасці. Дарэчы, першыя ўрачыстасці адбудуцца сёння,
падчас якіх будуць ушанаваны лепшыя нашы супрацоўнікі. Канечне, і навіну
пра тое, што крэпасць перамагла ў вашым праекце, мы абавязкова
паведамім.
Выконваючая абавязкі дырэктара Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Тамара ДЖУМАНТАЕВА:
— А хто ж, калі не мы! Нават і сумнення не было, што наш
Сафійскі сабор выйдзе пераможцам у конкурсе, стане адным з сямі цудаў
Беларусі. Сёння мала дзе, нават за межамі Беларусі, сустрэнеш захаваную
архітэктуру ХІ стагоддзя.
Менавіта Сафія на многія стагоддзі вызначыла Полацк як
адміністрацыйны, духоўны і культурны цэнтр. У аснове сучаснага сабора —
захаваная частка візантыйскага кафедральнага сабора ХІ стагоддзя:
фундамент і дзве сцяны з аўтэнтычнай кладкай. Кожны турыст ці госць
Полацка пачынае сваё знаёмства з полацкай культурнай спадчынай ад сцен
Сафійскага сабора. Зараз гэты велічны помнік перажывае час доўгачаканай
рэстаўрацыі фасадаў. Абноўлены ў бліжэйшы час сабор стане яшчэ больш
прываблівым для наведвальнікаў цэнтра Еўропы. Таму хочацца выказаць
словы асаблівай удзячнасці рэстаўратарам і тым, хто мае дачыненне да
музеефікацыі гэтага сапраўднага цуда Беларусі.
Старшыня Мірскага пасялковага выканкама Іван ПЯТРУШКА:
— Вельмі ўдзячны “Народнай газеце” за такі цікавы праект, вельмі
рады, што наш Мірскі замак па праву ўвайшоў у пачэсны спіс цудаў
Беларусі. Мы спадзяёмся, што гэта яшчэ больш прыцягне турыстаў у наш
пасёлак, увогуле на Карэліччыну. Зазначу, што разам з адраджэннем замка
ажыў і наш Мір. Зараз гэта самабытны куточак Беларусі, які захаваў
акрамя замкавага комплексу яшчэ шмат “цудаў”, разам з тым набыў рысы
сучаснай інфраструктуры, мае чатыры кафэ і дзве гасцініцы. Заварожвае,
канечне, сам велічны замак, які відаць здалёк. Калі хтосьці з чытачоў
яшчэ яго не бачыў, шмат страціў. Прыязджайце, калі ласка, у Міры вас
чакаюць.
Старшыня Бабруйскага гарадскога выканаўчага камітэта Дзмітрый БОНАХАЎ:
— Гэта прыемная навіна, бо гісторыя Бабруйскай крэпасці
выходзіць за межы гарадской гісторыі. Яна звязана і з вайной 1812 года, і
з паўстаннем дзекабрыстаў, якія ў гэтых сценах спачатку абмяркоўвалі
планы паўстання, а потым адбывалі пакаранне, і абедзвюма сусветнымі
войнамі... Горад выдаткаваў сродкі, каб “дастаць” крэпасць з руін,
ачысціць ад смецця. Мы заказалі праект яе рэканструкцыі, работа над ім
ідзе. Не так даўно прыйшла добрая навіна: дзяржаўная праграма “Культура
Беларусі” на 2011—2015 гады прадугледжвае фінансаванне стварэння
гісторыка-культурнага музейнага комплексу “Бабруйская крэпасць”.
Прымаючы рашэнне “адкопваць” крэпасць, я сказаў, што можна
хадзіць і размаўляць на гэты конт, а можна пачаць працаваць. Па-рознаму —
і капаць лапатай, і займацца перапіскай, каб звярнуць увагу на праблему
захавання гістарычнай спадчыны. Мы працуем. Спадзяёмся, перамога ў
конкурсе “Сем цудаў” надасць новы імпульс гэтай працы на карысць
наступных пакаленняў.
Настаяцель Санктуарыя Маці Божай у Будславе айцец Віктар БУРЛАКА:
— Гэта даволі нечаканая, але вельмі прыемная навіна. Чаму
нечаканая? Таму што касцёл быў пабудаваны ў XVIII стагоддзі для
цудатворнага абраза Маці Божай Будслаўскай, прывезенага на нашу зямлю ў
1613 годзе. Атрымліваецца, што абраз усё ж больш галоўны. Зрэшты,
упэўнены, што чытачы “Народнай газеты”, якія прынялі ўдзел у
галасаванні, вырашылі, аддаўшы свой голас за адзіны ў Беларусі
Нацыянальны Санктуарый Маці Божай — Будслаўскі храм, заадно ўшанаваць і
абраз. Бо гэтыя два цуды Беларусі неаадзельныя адзін ад аднаго!
Намеснік па навуковай працы генеральнага дырэктара Нацыянальнага парку “Нарачанскі” Валерый ЛЮШТЫК:
— Верыце ці не, але за ўсе гады працы я ніводнага разу не
сустракаў на беразе Нарачы чалавека ў дрэнным настроі. Возера лечыць
нашу душу, дорыць надзею і пазітыў. Аднойчы пабываўшы тут, мы абавязкова
хочам сюды вярнуцца. Дзіўны факт: нягледзячы на тое што чалавецтва ва
ўсім свеце літаральна захлынаецца ў прадуктах уласнай жыццядзейнасці, у
Нарачы вада з кожным годам становіцца ўсё больш празрыстай. Сапраўдны
цуд! Гэты феномен яшчэ будуць спрабаваць растлумачыць вучоныя, але я
ўпэўнены ў тым, што возера ачышчае. А што датычыцца напасці, якая
захапіла гэтыя дзіўныя мясціны некалькі гадоў таму (я маю на ўвазе
цыркарыёз), дык тут патрэбна дапамога чалавека. Калі б кожны адпачываючы
падышоў да вадзіцы і пажадаў ёй здароўя і дабра, разам мы б здолелі
перамагчы гэту хваробу!
Последние 0 комментариев