У Бабруйску падвялі вынікі фестывалю нацыянальнай драматургіі
17 ноября 2022

16 лістапада на вялікай сцэне Бабруйскага тэатра паказалі заключны спектакль, у рамках Рэспубліканскага фестывалю нацыянальнай драматургіі ім. В. I. Дуніна-Марцінкевіча, а таксама падвялі вынікі конкурсу. За 6 дзён на суд гледача прадставілі 11 спектакляў на ваенную, гісторыка-нацыянальную і сучасную тэматыку.

Фінальны дзень фестывалю адкрыла «Альпійская балада» заслужанага калектыву РБ «Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі». Кранальная і цяжкая гісторыя кахання па аднайменнай аповесці беларускага класіка Васіля Быкава, не пакінула бабруйскага гледача абыякавым: доўгія апладысменты не адпускалі таленавітых акцёраў са сцэны.
Пасля паказу адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання і закрыцця тэатральнага свята. Да ўдзельнікаў і гасцей звярнулася загадчыца аддзела тэатральнага мастацтва дзяржаўнай навуковай установы «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», доктар мастацтвазнаўства, старшыня журы Вераніка Ярмалінская:
– Паважаныя гледачы, выдатнага горада і тэатра, у якім праходзіць наш фестываль. Я звяртаюся да вас са словамі падзякі. Дзякуй, што любіце тэатр. Глядач – гэта важная складаючая любога спектакля і паверце, кожнаму спектаклю вельмі важныя вашы апладысменты і энергетыка. Сёлета так і адбывалася: залы былі цалкам запоўненыя. Дзякуй вам! Нам з калегамі было складана вызначыць усе намінацыі, але думаю, што мы з гэтым справіліся.


Спецыяльными дыпломамi фестывалю былi ўзнагароджаны:
«За вернасць традыцыям ва ўвасабленні ваенна-патрыятычнай тэмы» – заслужаны калектыў РБ «Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы ім.Ленінскага камсамола Беларусі» (балада «Не пакідай мяне»);
«За арыгінальнае ўвасабленне літаратурнага матэрыялу «Шляхціч Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» Яна Баршчэўскага ў рамках творчай лабараторыі «Актуалізацыя класікі. Перачытваем нанова» – студэнты 3 курса спецыяльнасці «Рэжысура драматычнага тэатра» Беларускай дзяржаўнай акадэміі Мастацтваў (мастацкі кіраўнік-Віталь Катавіцкі);
«За ўвасабленне ролі Ядвігі Гурскай» – Вольга Клімчук, заслужаны калектыў РБ Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы ім. Ленінскага камсамола Беларусі;
«За ўвасабленне ролі купца Япішкіна і таленавітае жыццё ў тэатры» – Аляксандр Кашпераў, заслужаны калектыў РБ «Тэатр-студыя кінаакцёра УП «Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм»;



Дыпломамі лаўрэатаў у конкурснай праграме «Спектакль тэатра драмы» былі ўзнагароджаны:
«Лепшая п'еса сучаснага беларускага аўтара» – п'еса «Песя і Янко», аўтары Аркадзь Шульман і Ян Карпінскі (Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі ім. В. І. Дуніна-Марцінкевіча;
«Лепшая сцэнаграфія» – спектакль «Чорная панна Нясвіжа», мастак-пастаноўшчык Барыс Герлаван (Нацыянальны акадэмічны тэатр ім. Я. Купалы);
«Лепшая мужчынская роля другога плана» – Уладзіслаў Віленчыц за ролю Гефтлінга ў спектаклі «Альпійская балада» (заслужаны калектыў РБ Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі);
«Лепшая жаночая роля другога плана» – Амалія Старавойтава за ролю Кацярынкі ў спектаклі «Прымакі» (заслужаны калектыў РБ Магілёўскі абласны драматычны тэатр);


«Лепшая мужчынская роля» – Дзяніс Фешчанка за ролю Саламона Псарскага ў спектаклі «Сёстры Дастаеўскія» (Мінскі абласны драматычны тэатр);
«Лепшая жаночая роля» – Юлія Еўтушэнка за ролю Песі ў маладосці ў спектаклі «Песя і Янко» (Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі ім. В. І. Дуніна-Марцінкевіча);
«Лепшая рэжысура» – Таццяна Самбук, спектакль «Альпы. Сорак першы» (заслужаны калектыў РБ Беларускі дзяржаўны акадэмічны тэатр юнага гледача);
«Лепшы спектакль» – «Не пакідай мяне...», Аўтар-Аляксей Дудараў, рэжысёр-пастаноўшчык-Аляксандр Козак (заслужаны калектыў РБ Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы ім. Ленінскага камсамола Беларусі).

















