У мінскім Палацы мастацтва адкрылася выстава керамікі «Чатыры чвэрці. Жывёльны свет. Частка ІІ» бацькі і сына Калтыгіных
1 февраля 2024

У Рэспубліканскай мастацкай галерэі «Палац мастацтва» (г. Мінск, вул. Казлова 3) 1 лютага 2024 года адкрыўся выставачны праект керамікі Валерыя Калтыгіна, лаўрэта Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва 2023 года, і Максіма Калтыгіна «Чатыры чвэрці. Жывёльны свет. Частка ІІ».
Па словах Валерыя Калтыгіна ідэя і праект «Чатыры чвэрці» зыходзіць ад яго сына Максіма, які запрасіў яго паўдзельнічаць у экспазіцыйнай прасторы сваімі творамі рознага перыяду творчасці. Сумесная выстава бацькі і сына ў 2021 годзе называлася «Расліна ў кераміцы». Сёлетняя мае тэматычны працяг - «Жывёльны свет у кераміцы»...
У экспазіцыі выставы адкрываецца сусвет фантастычных пераўтварэнняў жывёльнага свету. Вобразы жывёлаў не толькі стылізуюцца, але і дэфармуецца, набываюць асацыятыўныя, нязвыклыя абрысы, формы, колер, іншае гучанне і змест. Валерый і Максім Калтыгіны прапануюць гледачу розныя падыходы да пластычных і колерных асаблівасцей керамікі.
У творчасці Валерыя Калтыгіна закладзена імправізацыйная праца, як аснова разумовых працэсаў. Яна падобная камбінацыйнай гульні ў шахматы, шматварыянтнай, дзе разлік мяжуе з рызыкай і нечаканым выніковым вынікам. Максім жа наадварот, выразна будуе свае кампазіцыі зыходзячы з вобразаў, якія ўжо склаліся ў думках.
Выстава працуе да 25 лютага.
Адрас: г. Мінск, вул. Казлова 3, «Палац мастацтва».
Час працы: аўторак-нядзеля з 11:00 да 20:00; панядзелак – выхадны дзень.
Тэлефоны для даведак: +375 (17) 395-15-49; +375 (29) 264-68-48 (МТС).
Валерый Калтыгін нарадзіўся 16 верасня 1947 года ў г.п. Антопаль Драгічынскага раена Брэсцкай вобласці. Кераміст, сябра Беларускага саюза мастакоў. З 2003 года – арганізатар і кіраўнік міжнародных плэнэраў па кераміцы «Арт-Жыжаль», што праводзяцца пад Бабруйскам.















