Дунін-Марцінкевіч заспяваў! 13 верасня Бабруйскі драмтэатр адкрыў свой 80-ты сезон
13 сентября 2024

Свой 80-ты тэатральны сезон Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі ім.В.І.Дуніна-Марцінкевіча адкрыў творам пачынальніка беларускай драматургіі і нашага земляка – п’есай «Ідылія».
З увагі на юбілейную дату, напэўна, гэта было непазбежна. Гэта трэцяя пастаноўка «Ідыліі» Дуніна-Марцінкевіча у нашым тэатры. Для яе нанова стварылі сцэнаграфію і музыку: у стылізаванай пад сельскія краявіды прасторы многа пяюць і танцуюць. Мастак спектакля – Ілля Падкапаеў, кампазітар – Алег Хадоска. А ставіць паважны гадамі (прыкладна 1846 год выдання!), але не характарам вадэвіль прыехаў Павел Марыніч з Палесскага драматычнага тэатра.


У вечар прэм’еры гледачоў на адкрытай пляцоўцы перад тэатрам сустракаў Узорны тэатральны калектыў «На Біс!» ДУА «Дзіцячая школа мастацтваў ім. Я.К. Цікоцкага». Музыкі з той самай школы бавілі тэатралаў лірычнай музыкай у файе тэтара. А аматары танцаў змаглі прыняць удзел у інтэрактыве ад танцавальнага калектыва «Паланэз».



У ролі Кароля Лятальскага быў заняты Даніл Данілаў, які дагэтуль ня ведаў беларускай мовы – але цудоўна справіўся і з вымаўленнем, і з рамантычным вобразам закаханага. Юлія, ролю якой споўніла Марыя Дарагабед, аказалася рухавай дзяўчынай з характарам і з гумарам.

Ролю войта Навума Прыгаворкі на прэм’еры «Ідыліі» ў 1852 годзе некалі выконваў сам Дунін-Марцінкевіч. Імем Войт Навум любіў ен таксама падпісваць свае творы. У гэтай пастаноўцы прыгаворкамі сыпаў Павел Мікулік.

Ігар Бурак, які некалі ўвасобіў Дуніна-Марцінкевіца ў п’есе «Камедыянт», з выразным задавальненнем выканаў ролю юрліўца-камісара Выкрутача.

Канфеці, іскры і кветкі – без гэтага не абыходзіцца ані адно акрыцце сезона. Так было і на гэты раз. Гэта свята не толькі для гледачоў, але і для саміх актораў, якія ад душы віншавалі адзін аднаго за пачаткам сезона пасля прэм’еры, калі гледачы пакінулі залю.
- Напэўна, найбольшым выклікам для нас быў недахоп часу – на пастаноўку быў месяц, - падзяліўся ўражаннямі ад працы над «Ідыліяй» рэжысер-пастаноўшчык Павел Марыніч, - Акрамя таго, мы вельмі далекія ад часу, які апісваецца ў п’есе. Я ставіў сабе цэль прыцягнуць гледача на тэатральную пастаноўку беларускай класікі. Што тут можа быць лепей рамантычнай музыкальнай камедыі?
Зараз вельмі многа надаецца ўвагі патрыятызму, патрыятычнаму выхаванню. А гэта п’еса прасякнута патрыятызмам і любоўю да роднага краю.














