Гістарычны спектакль «З векавых глыбінь» з поспехам прайшоў у Бабруйску
7 апреля 2025

У суботу, 5 красавiка, ў Бабруйску з вялікім поспехам прайшоў гістарычны спектакль " З векавых глыбінь", пастаўлены ўзорным тэатральным калектывам "На Біс!" дзяржаўнай установы адукацыі "Дзіцячая школа мастацтваў №1 імя Я.К. Цікоцкага". Спектакль, заснаваны на "Жыцці прападобнай Еўфрасінні, ігуменні і князёўны Полацкай", распавядае пра жыццёвы і духоўны шлях гэтай знакамітай асобы ў гісторыі Беларусі, пагружаючы гледачоў у атмасферу сярэднявечча.



Спектакль быў паказаны два разы на дзень — у 12:00 і 18:00, што дазволіла шырокай аўдыторыі далучыцца да гэтай значнай культурнай падзеі. Такі фармат даў магчымасць як дзецям, так і дарослым усебакова пазнаёміцца з творчасцю юных акцёраў і пагрузіцца ў гістарычную атмасферу.
Пастаноўка выклікала шырокі рэзананс сярод гледачоў, і асабліва важна, што яна была цалкам на беларускай мове. У сучасным грамадстве і культуры ўсе больш адчуваецца дэфіцыт беларускамоўных мерапрыемстваў, таму спектакль стаў сапраўдным "глатком свежага беларускага паветра". Ён не толькі ўсебакова раскрыў гістарычны кантэкст і вечныя тэмы духоўнага пошуку, але і падкрэсліў значнасць захавання роднай мовы праз мастацтва.




Рэжысёрам спектакля была Алеся Алегаўна Манько, харэаграфію стварыла Вiкторыя Эдуардаўна Радзько, а музычнае суправаджэнне забяспечыў ансамбль "Tempus" пад кіраўніцтвам Ангелiны Вiктараўны Гузавай. Усе ролі выканалі таленавітыя вучні школы мастацтваў - яны стварылi запамінальныя гiстарычныя вобразы .
Калектыў "На Біс!" атрымаў Гран-пры на фестывалі "У святле сафітаў", што пацвердзіла высокі ўзровень пастаноўкі і творчы патэнцыял удзельнікаў.
Немалая заслуга ў стварэнні аўтэнтычнай атмасферы належыць нашай паважанай сяброўцы, натхняльніцы і сапраўднай чарадзейцы, мастаку па касцюмах Тамары Уладзіміраўне Самсончык. Стылізацыя касцюмаў была прадумана вельмі старанна: для дакладнага ўсебаковага ўвасаблення гістарычных вобразаў было перагледжана шмат дакументальнага відэа і прачытана дастаткова хрысціянскай літаратуры. Дзякуючы гэтаму ўсе касцюмы адпавядалі канонам праваслаўнай царквы, што дазволіла акцёрам цалкам пераўвасобіцца ў дзеючых гістарычных асоб і перадаць дух таго часу.


















