Калі прафесія ў радасць: галоўны бухгалтар ААТ «Саўгас Кісялевічы»
31 октября 2025

Калі прафесія падабаецца, па густу і душы, калі добра аплачваецца, а побач апантаныя справай людзі, то не зважаеш на такія акалічнасці, як неабходнасць ездзіць з горада на раён ці раз на месяц заставацца на працоўным месцы даўжэй звычайнага, каб своечасова налічыць заробак, — кажа мая субяседніца, галоўны бухгалтар і старшыня прафсаюзнай “пярвічкі” ААТ “Саўгас Кісялевічы” Вольга Давыдава.
Чаму выбрала менавіта гэтую прафесію? На маё пытанне Вольга Сяргееўна адказвае з усмешкай: “Захацелася быць дарослай, зарабляць грошы”. І тлумачыць, што пасля 9-ці класаў вырашыла пайсці набываць спецыяльнасць. Вучылася ў школе добра, таму выбрала прэстыжны аўтатранспартны каледж. З лёгкасцю туды паступіла, прычым, на бюджэтнае аддзяленне.
Размеркаванне пасля вучобы малады спецыяліст атрымала ў адну з сельсгасарганізацый Копыльскага раёна Міншчыны. Менавіта там спасцігала практычныя навыкі прафесіі. Там жа прыйшло разуменне, што са справай жыцця не памылілася: сумныя для многіх лічбы асабіста ёй такімі не здаваліся, а зводзіць дэбет з крэдытам і ўвогуле прыносіла задавальненне.
Пасля замужжа маладая жанчына пераехала па месцы жыхарства мужа-вайскоўца, у Бабруйск. Адна за адной на свет з’явіліся дзве дачушкі, якім цяпер 13 і 10 год. Калі пасля адпачынку па доглядзе дзяцей ўзнікла патрэба ў працаўладкаванні, Вольга наведала “Саўгас Кісялевічы”, дзе была вакансія. Тым болей што на гэты час яна ўжо мела вышэйшую адукацыю — скончыла эканамічны факультэт Гомельскага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны. І хоць даць адразу станоўчы адказ не рашылася — раптам знойдзецца работа ў горадзе, унутры яе, як кажа, нешта падказвала — тваё. “Хутчэй за ўсё, спадабаўся калектыў, уразіла, што многа моладзі”, — згадвае субяседніца.
За 5 гадоў, што працуе ў сельгаспрадпрыемстве, Вольга паспрабавала сябе ў розных накірунках бухгалтара-аграрніка: вяла жывёлагадоўлю, была (зрэшты, і цяпер сумяшчае) бухгалтарам па зарплаце. Апошнім, як кажа, падабаецца займацца найболей, але гэта толькі частка яе работы. Асноўнае — выконваць абавязкі галоўнага бухгалтара, а гэта ўжо нашмат сур’ёзней.
— Тое, што папрацавала ў розных накірунках, вельмі дапамагае, але не стамляюся вучыцца, бо адказнасць адчуваю на сабе вялікую. Час ад часу звяртаюся за падказкай да калег іншых сельгасарганізацый ці ва ўпраўленне па сельскай гаспадарцы райвыканкама. Дзякуй усім вялікі — ніколі не адмаўляюць, — кажа спецыяліст.
Дзейсная і хуткая па натуры, чалавек актыўнай грамадзянскай пазіцыі, Вольга стараецца ўдзельнічаць ва ўсіх раённых мерапрыемствах: урачыстасцях з нагоды памятных дат, святах, турзлёце. Апошняе асабліва па душы, бо можна паспаборнічаць у спорце, чым Вольга захапляецца ў вольны ад работы час.
— Мець работу па душы — вялікае шчасце, — упэўнена мая субяседніца. — І тым болей прыемна, калі штодня сустракае працавіты дружны калектыў.
Всего комментариев 0
Поделиться:
Другие новости раздела
Произошла ошибка

 
    













 
                         
                        
Последние 0 комментариев