Навіны каталіцтва: архімандрыт Гаек назваў святога Кірылу Тураўскага духоўным настаўнікам беларусаў
30 апреля 2026
Міжнародная група экспертаў сабралася ў Рыме, каб абмеркаваць духоўную спадчыну святога Кірылы Тураўскага – беларускага царкоўнага дзеяча, манаха-аскета, епіскапа і яскравага прапаведніка XII стагоддзя.
Семінар адбыўся ўвечары 28 красавіка ў генеральным доме Айцоў Марыянаў Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Ён праходзіў у рамках навукова-душпастырскай праграмы: «MARTYRIA: вызнаўцы і мучанікі». Частка даследчыкаў усходнехрысціянскай духоўнасці далучылася да яго па відэасувязі. У сустрэчы браў удзел архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі адміністратар для вернікаў візантыйскага абраду ў Беларусі.
«Беларускія грэка-католікі шануюць постаць і спадчыну святога Кірылы Тураўскага як аднаго з айцоў сваёй Царквы і хрысціянскай традыцыі на нашых землях»,
— заўважыў архімандрыт Гаек у размове з «Vatican News».
«Святы Кірыла Тураўскі жыў у XII стагоддзі, калі падзел хрысціянства на Усход і Захад не адчуваўся востра на нашых землях. Таму ён з’яўляецца для нас вельмі каштоўным духоўным настаўнікам», — дадаў пастыр грэка-каталіцкай Царквы.
Архімандрыт Сяргей нагадаў, што традыцыя ўшанавання святога беларускімі хрысціянамі розных канфесій застаецца жывой. Сведчаннем гэтага з’яўляецца шэраг цэркваў, створаных беларусамі ў дыяспары і названых менавіта ў яго гонар. Яшчэ адзін прыклад асаблівай пашаны да тураўскага епіскапа — існаванне ў пасляваенны час у Лондане – пры Беларускай Місіі, якой кіраваў епіскап Чэслаў Сіповіч — беларускага інтэрната для хлопцаў, які таксама насіў імя святога Кірылы.

Немалаважнай з’яўляецца і навуковая цікавасць да спадчыны святога. Архімандрыт Сяргей заўважыў, што даследаваннем яго жыцця і дзейнасці займаліся не толькі прадстаўнікі ўсходняй хрысціянскай традыцыі, але і лацінскай. Адзін з іх — ксёндз Пётр Татарыновіч, таксама ўраджэнец палескага рэгіёна, які ў 1949 годзе абараніў у Папскім усходнім інстытуце ў Рыме дысертацыю на тэму «Тураўскі епіскап святы Кірыла і яго духоўнае вучэнне».
«Ксёндз Татарыновіч стаў адным з першых, хто адкрыў святога Кірылу Тураўскага для царкоўных кругоў Заходняй Еўропы. Яго дысертацыя, набраная на друкарскай машынцы, захоўваецца ў архіве Папскага ўсходняга інстытута, але на яе аснове ў 1950 годзе быў выдадзены кароткі нарыс на італьянскай мове»,
— адзначыў архімандрыт Сяргей.
Праца ксяндза прэлата Татарыновіча дазволіла не толькі пазнаёміць з постаццю святога Кірылы многіх замежных навукоўцаў і аматараў усходнехрысціянскай духоўнасці, але таксама паслужыла асновай для біяграфічнай кнігі пра святога, якую у 1968 годзе напісаў па-беларуску айцец Аляксандр Надсан, заўважыў грэка-каталіцкі іерарх.
Міжнародная сустрэча ў генеральным доме марыянаў у Рыме стала чарговым крокам у папулярызацыі спадчыны святога Кірылы Тураўскага. Дата правядзення семінару была выбрана невыпадкова, бо менавіта 28 красавіка адзначаўся яго літургічны ўспамін.
«Для нас гэта свята вельмі каштоўнае, тым больш што звычайна яно прыпадае на пасхальны час, у які мы з асаблівай увагай прачытваем пасхальныя Словы (Гаміліі) святога Кірылы», — заўважыў архімандрыт Сяргей, падкрэсліваючы, што творы святога Кірылы прасякнуты пасхальнай надзеяй і заахвочваюць хрысціян да новага жыцця, адноўленага Пасхай.















Последние 0 комментариев