Кітайскія пажарныя машыны пачалі тэставаць у Магілёве, яны заменяць беларускія
30 ноября 2022
Ратавальнікі Магілёўшчыны атрымалі для эксплуатацыі і выпрабаванняў тры новыя спецаўтамабілі з кітайскім абсталяваннем, у зборцы якіх удзельнічалі машынабудаўнікі Магілёва. Мяркуецца, што гэтыя машыны будуць лепш прыстасаваны для ліквідацыі гарадскіх пажараў, чым беларуская тэхніка, пiша mogilev.media
Да ведама, навукова-даследчы інстытут пажарнай бяспекі і праблем надзвычайных сітуацый Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь прымае ўдзел у распрацоўцы пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі. Сярод распрацаваных машын – аўтацыстэрны пажарныя АЦ 5, АЦ 10, аўтацыстэрны 11 і 12 тон для тушэння агню “з колаў”, аўталесвіцы, аўтамабілі парашковага тушэння, аўтамабілі аэрадромнага тушэння, каленчатыя пад’ёмнікі, мабільныя пункты кіравання і іншая тэхніка.
Аўтацыстэрна (АЦ 10,0-40 (6317), на загалоўным фота) – самая масавая машына, якая прызначана для дастаўкі да месца пажару баявога разліку, ПТВ, аварыйна-выратавальнай прылады і запасу вогнетушыльных сродкаў. Ёмістасць цыстэрны для вады з нержавеючай сталі або ўзмоцненага кудзелістага шклапластыка 10 000 літраў. У рэальных пажарах у жылым сектары яе магчымасці празмерныя, а пад’ехаць да месца пажару ёй бывае цяжка з-за мноства прыпаркаваных каля дамоў машын.
Аўтацыстэрна АЦ-5,0-50 (5434) прызначана для тушэння пажараў вадой з цыстэрны, адкрытага вадаёма або водаправоднай сеткі, а таксама паветрана-механічнай пенай. Аўтацыстэрна служыць для дастаўкі да месца пажару баявога разліку, пажарнага абсталявання, вады і пенаўтварэння. Выраблена на шасі аўтамабіля “МАЗ 5434” высокай праходнасці. Ёмістасць цыстэрны для вады – 5000 літраў, а бака для пенаўтваральніка – 300 л. Але і гэта машына не настолькі кампактная, каб лёгка і хутка пад’ехаць да месца пажару, што мае часцяком жыццёва важнае значэнне.
Выпускаюць ратавальную спецтэхніку вядучыя беларускія вытворцы: ТАА “Пажснаб”, размешчаным у горадзе Барысаве, і філіял Адкрытага акцыянернага таварыства “Мінскі аўтамабільны завод” “Завод “Магілёўтрансмаш”. Вось і цяпер партнёры з Кітаю гатовы былі даслаць свае машыны, але нашы чыноўнікі настаялі на тым, каб замежнае абсталяванне было ўсталявана на беларускую аўтамабільную базу МАЗаў.
Увогуле, кітайская тэхніка ўсё больш упэўнена прыходзіць на рынкі Беларусі. Гэта адбываецца дзякуючы таму, што іх машыны эканамічныя, танныя, а часам і больш эфектыўныя за беларускія. Раней адзіным плюсам беларускай тэхнікі заставалася яе надзейнасць. Выпрабаванні і павінны найперш адказаць на пытанне, наколькі доўга зможа надзейна працаваць тэхніка з кітайскім абсталяваннем?
Всего комментариев 1
Поделиться: