У Бабруйскім раёне ўшаноўваюць новых «тысячнікаў»
1 августа 2024
Кагорту вадзіцеляў, якія, працуючы на жніве, перавезлі ад камбайнаў звыш тысячы тон зерня, папоўнілі хлебаробы СВК “Гігант” — Аляксандр Цэд і Аляксандр Дайнэка. І адзін, і другі “тысячнікі” — вадзіцелі з вопытам і добрасумленным стаўленнем да працоўных абавязкаў, неаднаразовыя пераможцы сельскагаспадарчых спаборніцтваў, і не толькі ў гаспадарцы, — майстры хлебаробскай справы.
Павіншаваць Аляксандра Іванавіча і Аляксандра Уладзіміравіча з гэтым значным дасягненнем, выказаць цёплыя словы падзякі за плённую працу, на поле, дзе вяліся ўборачныя работы (па пшанічных прасторах адначасова хадзіла 7 зернеўборачных камбайнаў, у тым ліку 5 — “Гіганта”), па традыцыі з лістамі падзякі і падарункамі, прыехалі прадстаўнікі раённага выканаўчага камітэта, райкама прафсаюза работнікаў АПК, сельгаспрадпрыемства.
— Як і меркавалася, на гэтым тыдні “тысячнікаў” у нас прыбавілася, і гэта зразумела: з надыходам пагодлівага надвор’я ўборачныя работы ўзмацніліся ды і перайшлі на больш ураджайныя азімыя расліны — намалоты павялічыліся, — заўважыў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарча Аляксандр Каўранін.
У цэлым, як ён адзначыў, хлебаробы не губляюць ніводнай пагодлівай хвіліны. Тэмпы ўборкі — пры спрыяльным надвор’і — высокія: уся тэхніка ў палях, камбайны працуюць дапазна, адвозка зерня наладжана, абеды занятым на жніве дастаўляюцца своечасова. Створаны ўсе ўмовы для належнай уборкі ўраджаю.
“Ваша паспяховая праца ў напружаную пару заслугоўвае самай высокай ацэнкі. І мы шчыра дзякуем вам за такі падыход”, — адзначыў, звяртаючыся да герояў жніва, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Максім Ганжураў.
Всего комментариев 0
Поделиться: