Ад чырвонага дыплома да працы на «Агракамбінаце Бабруйскі»: гісторыя маладога эканаміста Аліны Барадзінай
2 февраля 2026
Аліна Барадзін - малады спецыяліст са стажам крыху болей за паўгода. А вось камплексаваць з-за некампетэнтнасці, як здараецца ў іншых пачынаючых спецыялістаў, ёй не даводзіцца.
І таму, што дзяўчына сур’ёзна паставілася да навучання: Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію скончыла з чырвоным дыпломам, мае не адну навуковую публікацыю, вынікова паўдзельнічала ў конкурсе “100 ідэй для Беларусі” (праект заняў 2-е месца). І таму, што не ў звычцы Аліны пакідаць без адказу якое б ні было пытанне — іх яна шукае або ў інтэрнэце, або ў вопытных калег.
— Галоўны эканаміст Алена Уладзіміраўна Рыбчанка, калі звяртаюся да яе з пытаннем, ніколі не адмовіць. Гэтак жа, як і галоўны бухгалтар Марына Аляксандраўна Барадзіна — заўжды дапаможа, падкажа. Узяць хоць бы ўчарашні дзень: трэба было зрабіць расцэнку на рэалізацыю свініны. Звычайна яе рэалізуем на мясакамбінат, а тут — на іншае прадпрыемства. І Марына Аляксандраўна падказала мне, якія складнікі ўлічыць падчас калькуляцыі. Хоць у асноўным з пастаўленымі задачамі спраўляюся сама, складанасцяў не адчуваю. І лічу, што з усім можна справіцца, было б жаданне, — кажа Аліна і тут жа дадае, што ў яе жаданне ёсць, а найбольшая скруха — адчуванне вялікай адказнасці за абавязкі.
“Працую з дакументамі, лічбамі і добра разумею, што любая памылка можа адмоўна адбіцца на дзейнасці прадпрыемства. Трэба быць вельмі ўважлівай. Пры фарміраванні заробнай платы, да прыкладу, і самой не памыліцца, і чалавеку патлумачыць зразумелай мовай, з чаго яна склалася".
У калектыве сельгаспрадпрыемства шмат моладзі. І гэта, па словах Аліны, станоўча ўплывае на агульнае ўспрыняцце работы. “Не сказаць, што ўсе мы вялікія сябры, але добра ладзім, дружныя, адзін аднаму гатовы дапамагчы”.
У гаспадарцы Аліна яшчэ і адказная за работу з моладдзю. З яе ініцыятывы была наладжана размова са старшакласнікамі мясцовай школы пра тое, што для іх значыць быць членам БРСМ. Гэта падзея транслявалася ў Тык-току сельгаспрадпрыемства. Прыемна, як кажа Аліна, што моладзь верыць у свае сілы, у тое, што іх будучыня залежыць найперш ад іх жа, іх спраў. Што да мяне, то я таксама ўпэўнена — усё залежыць ад самога чалавека, і не важна, у якой сферы працаваць.
Родам Аліна з Горак, пазней сям’я пераехала на Бабруйшчыну. Бацькі жывуць у Гарбацэвічах. Маці працуе настаўніцай пачатковых класаў Осаўскай базавай школы, бацька — слесар сельгаспрадпрыемства. Менавіта бацькам абавязана, як кажа дзяўчына, накірункам сваёй прафесійнай дзейнасці. І гэта аказалася яе сферай, а яшчэ падабаецца лагістыка. Таму другую вышэйшую адукацыю Аліна разлічвае атрымаць па гэтай спецыяльнасці.
Месца працы выпускніца акадэміі ведала загадзя, бо навучалася па мэтавым накіраванні. З калектывам “Агракамбіната Бабруйскі” пазнаёмілася яшчэ падчас вучобы — штолета ў канікулы практыкавалася тут па сваёй спецыяльнасці. Так што на працу прыйшла, як кажа, “з базай” — усведамленнем, чым будзе займацца. “Ад першага дня знаёмства калектыў прыняў мяне вельмі цёпла, я ж імкнулася старанна выконваць усе даручэнні. Цяпер гэтак жа старанна імкнуся працаваць у якасці маладога спецыяліста”, — заўважыла яна.
Нягледзячы на тое, што працуе з лічбамі, Аліна — творчая натура. Сярод яе хобі клейка алмазных мазаік, маляванне, вышыўка.















Последние 0 комментариев