Новости компаний
Новости компаний
Новости компаний
Новости компаний
Новости компаний
Новости компаний


17 апреля 2025
У карціннай галерэі, што ў ПАВЧ № 1 Бабруйска, дзе ўшаноўваецца памяць ветэранаў МНС і праводзяцца патрыятычныя мерапрыемствы для моладзі, некалькі тыдняў таму ўрачыста адкрыўся пакой, прысвечаны жыццю і дзейнасці франтавіка і ратавальніка Мікалая Рудкоўскага. У Дзень савецкай пажарнай аховы бабруйскія ратавальнікі з удзячнасцю ўспамінаюць свайго баявога таварыша.
Работнік Бабруйскага гаррайаддзела НС Уладзімір Бутко, які перыядычна праводзіць тут экскурсіі, заўсёды звяртае ўвагу на гэтага героя.
— Ён адзін з нямногіх, хто быў узнагароджаны Граматай Сталіна, сумяшчаў работу ратавальніка і трактарыста і нават атрымліваў дзве пенсіі — адну па лініі МНС, другую па лініі сельскай гаспадаркі, — інтрыгуе фактамі ратавальнік. — Калегі, якія працавалі побач з ім расказваюць, што гэты чалавек быў беспрэцэдэнтнай смеласці, прыстойнасці і прафесіяналізму.
Родныя Мікалая Рудкоўскага перадалі ў музейны пакой асабістыя рэчы ветэрана, яго баявое адзенне, дакументы, фота. Нарадзіўся герой у Жлобінскім раёне на Гомельшчыне ў 1926 годзе ў шматдзетнай сям’і. На сабе зведаў, што такое холад і голад, з дзяцінства працаваў у калгасе, вучыцца было некалі — паспеў скончыць толькі два класы. У час вайны трапіў у Германію на прымусовыя работы. Але праз 8 месяцаў быў вызвалены ад фашысцкага палону саюзнымі войскамі і сам стаў ў шэрагі Чырвонай арміі — ваяваў кулямётчыкам. Але пасля таго, як дзякуючы яго кулямётнаму майстэрству, выратавалася разведгруппа, якая трапіла пад прыцэл немцаў, яго перавялі ў разведроту. Да канца вайны шукаў па тылах ворага яго агнявыя кропкі, падрываў масты і эшалоны. У музейным пакоі шмат яго франтавых узнагарод. Сярод іх ордэн Славы III ступені, медаль «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг», медаль «За вызваленне Прагі», ордэн Айчыннай вайны II ступені.
Пасля вайны Рудкоўскі працаваў у калгасе, пакуль у чэрвені 1955 года яму на вочы не трапіла аб’ява з запрашэннем у пажарныя. Былога франтавіка прынялі на службу адразу.
— Ростам ён быў два метры, пры тушэнні пажараў лёгка пераадольваў розныя перашкоды, — расказвае Уладзімір Бутко. — Здымаў з аўтамабіля 50 кілаграмовую лесвіцу і наперад.
Аднойчы ў горадзе здарыўся страшны пажар, гарэў цэх хлебазавода. Агонь па паветраводам хутка распаўсюджваўся па ўсім будынку. Усім байцам было загадана адыйсці на бяспечную адлегласць і змагацца са стыхіяй з зямлі. І тут на аўтацыстэрне «МАЗ» на дапамогу прыбылі байцы, сярод якіх быў і Мікалай Рудкоўскі. Ніхто і аглянуцца не паспеў як адважны франтавік схапіў пажарны ствол і знік з ім у аконным праёме. Тэмпература між тым была такая, што на пажарным «МАЗе», які пад’ехаў даволі блізка, пачала ўзнімацца фарба. Існавала пагроза абвальвання даху цэха, агонь мог у любы момант перакінуцца на суседнія цэхі. Ніхто ўжо і не спадзяваўся ўбачыць смельчака жывым, як нечакана над прапаленым дахам узнялася бруя вады. «Жывы, Коля жывы!» — крычалі ўсе навокал і кінуліся з новымі сіламі насустрач таварышу. Пажар быў ліквідаваны, а страты, дзякуючы мужнасці Рудкоўскага, нашмат меней, чым маглі быць.
—Сумленны, смелы і рашучы, ён мог у любы момант уступіць у бой са стыхіяй і перамагчы яе, — рэзюмуе суразмоўнік. — І так на працягу болей чым трыццаці гадоў. Суткі дзяжурыў у пажарнай часці, а астатнія дні да наступнага дзяжурства працаваў у калгасе. Таму да заробленай пажарнай пенсіі ў 60 рублёў родны калгас за бездакорную і добрасумленную працу прызначыў Мікалаю Іванавічу і сваю пенсію — таксама ў 60 рублёў. Мікалай Іванавіч прапрацаваў у прафесійнай пажарнай ахове горада Бабруйска да 6 чэрвеня 1986 года. За гэты час яму была абвешчана і запісана ў працоўную кніжку 31 падзяка. Увесь час прэміраваўся. У 1983 годзе быў узнагароджаны нагрудным знакам «Лепшы па прафесіі», а ў 1986-м яму ўручылі медаль «Ветэран працы». Успамінаючы аб ім, калегі казалі: «Дзе быў Рудкоўскі, там заўсёды панавалі спакой, парадак і дысцыпліна».
Всего комментариев 0
Поделиться:
Произошла ошибка
Последние 0 комментариев