Людміла Емяльянава: «Вучу дзяцей і сама ў іх вучуся»
7 октября 2024
727
Выбар — быць педагогам ці кім яшчэ — перад Людмілай Емяльянавай, настаўніцай гісторыі і грамадазнаўства Туголіцкай сярэдняй школы, не стаяў. Яшчэ ў 12-гадовым узросце, калі пра будучую прафесію звычайна не задумваюцца, яна, пяцікласніца з в. Калінаўка Гарбацэвіцкага сельсавета, у сачыненні на тэму “Кім я хачу быць” упэўненай рукой вывела — “настаўніцай”.
Атрымаўшы той сшытак у выпускным класе, адначасова здзівілася і ўзрадавалася: у дзіцячай мары — звязаць працоўнае жыццё з адукацыяй — з гадамі, як аказалася, толькі ўкаранілася.
За ажыццяўленнем мэты Людміла паехала ў Горацкае педагагічнае вучылішча. Скончыўшы ўстанову, вярнулася на родную Бабруйшчыну настаўніцай пачатковых класаў. Год працавала ў Пятровіцкай школе, наступны — у Каменскай і адначасова завочна вучылася на гістарычным факультэце Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.
І вось ужо 22 гады Людміла Уладзіміраўна настаўнічае ў Туголіцкай сярэдняй школе, знаёміць юных пасялкоўцаў з гісторыяй роднага краю ды сусветнай, з асновамі грамадскіх навук. Прычым, даволі вынікова. Яе вучні — частыя ўдзельнікі і пераможцы прадметных алімпіяд, навуковых даследаванняў, інтэлектуальных конкурсаў і віктарын. Сама настаўніца мае шэраг прафесійных узнагарод і ўдзячнасцяў. А літаральна сёння, 2 кастрычніка, будзе адзначана ў Магілёве на ўрачыстасці з нагоды Дня настаўніка.
Напярэдадні прафесійнага свята мы сустрэліся з вопытным педагогам: павіншавалі з узнагародай і задалі некалькі пытанняў.
– Людміла Уладзіміраўна, ці адчуваеце розніцу паміж вучнямі 20-гадовай даўніны і цяперашнімі?
– Не адчуваю. Школьнікі не мяняюцца: і тады, і цяпер ёсць дзеці, якія больш заматываваныя на гісторыю або на які іншы прадмет. Але ж ва ўсе часы дзеці аднолькава цікаўныя да новага, у залежнасці ад характару — няўрымслівыя або ціхія, адкрытыя ці стрыманыя ў выражэнні эмоцый, шчырыя, спагадлівыя, чулыя.
— Настаўнік — гэта, безумоўна, чалавек з глыбейшымі і шырэйшымі ведамі ў сваёй галіне, чым у вучня. Між тым цяперашнія школьнікі — “дзеці пакалення Z” ці лічбавага пакалення. У сувязі з гэтым як наладжаны ўзаемаадносіны “настаўнік-вучань”?
— Так, сучасныя вучні крочаць у ногу з камп’ютарнымі тэхналогіямі, часам апераджаючы ў гэтым настаўніка. Вучачы іх, я і сама вучуся. Здараецца, дзеці падказваюць нам, педагогам, дапамагаюць нешта знайсці ці ў нечым разабрацца. Як яны ставяцца да такіх сітуацый? Па-добраму, іншым разам з жартам. І ні ў якім разе не прыніжаюць ролю настаўніка. Здаецца, у іх ужо на падсвядомасці адкладзена, што старэйшаму пакаленню ў гэтым трэба дапамагаць.
— Прадмет гісторыя прадугледжвае засваенне шматлікіх дат. Між тым не ўсім вучням гэта даецца лёгка. Узнікае пытанне — наколькі важна ведаць гістарычныя даты?
— Без іх ведання не абысціся нават калі маеш добрае ўяўленне пра той ці іншы гістарычны працэс. Таму вучням, якія выбіраюць на цэнтралізаваным тэсціраванні гісторыю і разлічваюць на высокі бал, без завучвання не абысціся.
— Настаўнік, на ваш погляд, якім павінен быць, каб узаемадзеянне з вучнямі было максімальна эфектыўным?
— Кампетэнтным, добрым, у меру строгім. І вельмі важна — любіць дзяцей, умець іх выслухаць, імкнуцца зразумець, падтрымаць, не быць абыякавым. Тым болей што станоўчае ўзаемадзеянне з вучнямі эфектыўна не толькі для іх, але і для самога настаўніка — дае ўпэўненасць у сабе, абранай прафесіі, у заўтрашнім дні і невычарпальны зарад бадзёрасці.
— Людміла Уладзіміраўна, ці ёсць у педагога, які вучыць на сяле, а жыве ў горадзе, “жыццё” пасля школы? У чым яно?
— У звычайных жаночых клопатах: на кухні, у агародзе. Не часта, але выбіраемся на канцэрт, у кіно, тэатр. У летні адпачынак звычайна падарожнічаем. Апошнім часам — больш па сваёй краіне, дзе адкрыла для сябе шмат цікавых месцаў. Зрэшты, з Бабруйска ў Туголіцу наладжаны добрыя транспартныя зносіны. Дабірацца на работу і дамоў вельмі зручна, займае зусім няшмат часу. А ў магчымасці спалучаць гарадское жыццё з сельскім — для мяне асаблівая асалода.
— У прафесійнае свята што б хацелі пажадаць калегам?
— Усім педагогам жадаю пазітыву, здароўя, цярпення і надзейнага тылу дома — асновы асноў нашай працаздольнасці.
Всего комментариев 0
Поделиться:
Другие новости раздела
Идёт обмен данными...