Анастасія Усава: “Праца ў сельскай гаспадарцы цікавая і шматгранная”
5 февраля 2025
Так лічыць мая субяседніца — інжынер па ахове працы і тэхніцы бяспекі ААТ “Міхалёўская Ніва” Анастасія Усава. І мае рацыю: выпускніца Бабруйскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа з дыпломам спецыяліста па праграмным забеспячэнні інфармацыйных тэхналогій паспрабавала сябе не ў адной аграрнай прафесіі. І ў кожнай — тэарэтычна і практычна абагацілася, прычым, настолькі, каб не проста адчуваць сябе на сваім месцы, але ў 27-гадовым узросце быць залічанай у склад рэзерву кадраў на адну з кіруючых пасад сельгаспрадпрыемства.
Аграрны досвед бабруйчанкі Насці пачаўся ў СВК “Гігант”, куды яна — навучэнка каледжа, папрасілася, каб прайсці вытворчую практыку. У “Гіганце” на той час вялося будаўніцтва гасцёўні, і амбіцыйная практыкантка прапанавала распрацаваць праграмнае забеспячэнне для аб’екта. Гэтую тэму абрала сабе і ў якасці дыпломнай работы, якую паспяхова абараніла. А пасля заканчэння каледжа ў “Гігант” прыехала ўжо маладым спецыялістам. Там жа засталася працаваць і пасля заканчэння гэтага статусу.
У ААТ “БНБК-Агра. Бабруйск”, куды Анастасія прыйшла адразу пасля стварэння акцыянернага таварыства, сельскагаспадарчы вопыт працягнуўся.
— Працаваць у новым калектыве было для мяне асалодай, — кажа субяседніца. — Камандны дух панаваў у поўным сэнсе гэтага слова. Калегі былі не проста прафесіяналамі кожны ў сваёй галіне, але “гарэлі” работай. Яны і мяне на гэта натхнілі, дапамагалі ва ўсім. У выніку стала абрастаць ведамі і ў агранаміі, і ў жывёлагадоўлі. Увогуле, вынесла адтуль агромністы кейс ведаў, а галоўнае — навучылася ўзаемадзейнічаць з людзьмі розных прафесій і характараў, знаходзіць да кожнага падыход, грунтоўна ставіцца да вырашэння пытанняў. І цяпер, бываючы на фермах, абавязкова звяртаю ўвагу на кармавы стол, на прысутнасць усяго неабходнага на ім, на іншыя дэталі вытворчасці.
Праўда, для засваення ведаў, па словах Анастасіі, трэба каб была як мінімум цікаўнасць да гэтага.
— Калі інтарэс ёсць, то стаць спецыялістам у сельгасвытворчасці можна і без адпаведнай адукацыі, — кажа субяседніца. — А вось каб адчуваць сябе высокакласным спецыялістам, без універсітэцкіх ведаў не абыйсціся.
Менавіта таму ў бліжэйшых планах Насці — стаць студэнткай-завочніцай адной з вышэйшых навучальных устаноў краіны.
У “Міхалёўскай Ніве” гераіня аповеду працуе з верасня мінулага года. Сфера яе дзейнасці — ахова працы і тэхніка бяспекі ў сельгасарганізацыі. Анастасія прызнаецца, што перш чым заняць гэтую пасаду, адчувала няўпэўненасць: усё ж такі зусім новы і адказны накірунак. Але ж і тэхнічная адукацыя, і курсы па спецыяльнасці, і ўсё тая ж прага да новых ведаў хутка пазбавілі ад сумненняў. Навучацца, а затым выбудоўваць гэтую працу ў сельгасарганізацыі яна пачала з нуля. І вельмі ўдзячна спецыялісту ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ганне Белай і Людміле Рыбаковай з інспекцыі па працы, якія заўжды на сувязі і з гатоўнасцю дзеляцца пытаннямі сваёй кампетэнцыі.
Пра калектыў “Міхалёўскай Нівы” Анастасія адгукваецца з цеплынёй — згуртаваны і дружны. Да яе як новага спецыяліста ставяцца з павагай, і кожны гатовы прыйсці на дапамогу. Кіраўнік Ігар Ганчароў не пакідае без увагі ніводнай прапановы і рэкамендацыі, сам дасканала паглыбляецца ў кожную дэталь. Нягледзячы на абмежаванасць бюджэту (у гаспадарцы нядаўна завяршылі будаўніцтва новага МТК), пытанне — набыць ці не набыць спецадзенне для работнікаў — у гаспадарцы не стаіць. У планах бліжэйшага часу — папоўніць запасы абутку, сродкаў індывідуальнай аховы.
У абавязках Анастасіі гэтай парой — зрабіць неабходныя справаздачы па выніках мінулага года і распрацаваць план мерапрыемстваў на новы. Сярод асноўнага — правядзенне інструктажоў з работнікамі, навучанне і праверкі ведаў па допуску іх да працы, маніторынг медыцынскіх аглядаў. Таксама правядзенне штодзённага кантролю і маніторынгу вытворчасці на прадмет выканання правілаў тэхнікі бяспекі. “Да прыкладу, тут жа раблю заўвагу і прадпісанне інжынеру-механіку, калі бачу, што аўтамабіль стаіць на рамонце без адкатаў, а значыць, — створана пагроза для здароўя і жыцця людзей”, — кажа субяседніца. Пры гэтым пачынаючы спецыяліст упэўнена, што прынцыповасць у пытаннях аховы працы — і яе, і ўсіх, хто датычны да гэтага боку вытворчасці — залог поспеху сельгасарганізацыі: клопат пра людзей канвертуецца ў добрасумленнае іх стаўленне да працоўных абавязкаў, а значыць — павялічвае эфектыўнасць гаспадарання.
Всего комментариев 0
Поделиться:
Последние 0 комментариев