«Работа нябачная, ды надта значная»: Медстатыстыкі Бабруйскай паліклінікі – пра лічбы, здароўе і адданасць прафесіі
26 декабря 2025

Работа нябачная, ды надта значная. Менавіта так можна ахарактарызаваць справу, якой займаюцца медыцынскія статыстыкі Бабруйскай гарадской паліклінікі №2 Ірына Жураўлёва і Анфіса Харанека.
Праз рукі жанчын праходзіць выключна ўся справаздачнасць па дзейнасці УЗ “БГП №2”, прычым, не толькі непасрэдна паліклінікі, але і яе структурных падраздзяленняў на сяле: бальніц, амбулаторый урача агульнай практыкі, фельчарска-акушэскіх пунктаў. Калі больш дакладна, то задача кабінета статыстыкі — збор, аналіз, статыстычная апрацоўка і вядзенне ўлікова-справаздачнай інфармацыі, разлікі паказчыкаў і фарміраванне статыстычных справаздач, своечасовае і дакладнае прадастаўленне справаздачнасці, падрыхтоўка даведак на падставе атрыманых дадзеных. Перадача апошніх штодня, штотыднёва, штоквартальна і штогод. Акрамя таго — складанне заявак на выраб бланкаў медыцынскай дакументацыі і ўлікова-справаздачных форм, іх выдача па неабходнасці.

— Лічбы статыстычных дадзеных у нас, у параўнанні з іншымі гарадскімі паліклінікамі, невялікія (жыхароў у раёне пражывае нашмат меней), але інфармацыі мы збіраем значна болей, — кажа Ірына Васільеўна і ўдакладняе: — Інфармацыя самая розная: па захворваннях і іх відах, па смяротнасці і прычынах, па нараджальнасці і коечным фондзе, і г.д. Зроблены звод накіроўваем у вышэйшыя арганізацыі галіны. Таксама ўносім інфармацыю па адпаведных формах і ў Нацыянальны статыстычны камітэт.
— Аператыўную інфармацыю: па вострых рэспіраторных захворваннях, пнеўманіях, уліку выдачы лісткоў непрацаздольнасці і г. д. збіраем кожны дзень, у тым ліку ў выходныя, — працягвае пералік абавязкаў Анфіса Канстанцінаўна.

Пры тым што прафесія медыцынскага статыстыка — гэта найперш работа з лічбамі, яе ўладальнік у абавязковым парадку павінен мець профільную адукацыю. Мае субяседніцы скончылі ў свой час бабруйскае медвучылішча: Ірына Жураўлёва па спецыяльнасці акушэрка, Анфіса Канстанцінаўна — медыцынская сястра. І тая, і другая ў гэтай прафесіі не гады, а ўжо дзясяткі год — у ахову здароўя раёна прыйшлі маладымі спецыялістамі, адсюль выйшлі на заслужаны адпачынак і працягваюць працаваць. Іх прыклад лепей за што пацвярджае — калі работа чалавеку па душы, калі задавальняюць умовы працы і заробак, шукаць іншае месца не мае сэнсу.
І хоць працоўныя абавязкі займаюць значную частку дня гераінь аповеду, і Ірына Васільеўна, і Анфіса Канстанцінаўна знаходзяць час для вольнага часу і сваіх хобі. Ірына Жураўлёва, акрамя іншага, узначальвае прафсаюзную “пярвічку” паліклінікі, актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці ўстановы. А яшчэ яна — вялікі заўзятар падарожжаў. Любіць паглядзець на прыгажосць і адметнасці не толькі Беларусі, у гэтых мэтах аб’ехала большую частку суседняй Расіі, адкуль яе карані. Анфіса Канстанцінаўна любіць пазавіхацца на летніку, часцяком наведваецца ў сталіцу да ўнукаў, клапоціцца аб 90-гадовай матулі.
















Последние 0 комментариев